Пра што казаў Лукашэнка ў сваіх папярэдніх пасланнях да народу? Топ цытатаў


Аляксандр Лукашэнка 24 красавіка звернецца са штогадовым пасланнем да беларускага народа і Нацыянальнага сходу. Звычайна большую частку такіх пасланняў ён прысвячае эканоміцы і сацыяльнай палітыцы, і цягнецца прамова ад 1,5 да 2,5 гадзінаў. Belsat.eu прыгадаў, пра што казаў Лукашэнка ў аналагічных зваротах на працягу апошніх пяці гадоў і якія ягоныя цытаты сталі легендарнымі.

2017 год.

«Перастаньце нас панукваць, што мы ўжылі празмерную сілу. Мы ж не ідыёты, бачым, што адбываецца ў вас. Мы вадой палівалі? Газ ужывалі супраць людзей? Не. А вы гэта робіце. Дзіўныя падыходы… Што вы нас гнабіце?».

Летась выступ Лукашэнкі адбываўся пасля задушэння сакавіцкіх пратэстаў недармаедаў, таму частку сваёй прамовы прысвяціў папрокам у бок Захаду, які крытыкаваў афіцыйны Менск за рэпрэсіі супраць пратэстоўцаў (праз што, паводле кіраўніка дзяржавы, «Макей ужо ўвесь высах»).

Акрамя таго, Лукашэнка крытыкаваў сістэму адукацыі, клапаціўся наконт здароўя школьнікаў, абяцаў прарыўныя дэкрэты ў сферы бізнесу і IT-індустрыі.



Але ліберальныя рэформы ён паабяцаў не дапусціць:

«У 90-х гадах мы ўсе законы перапісалі з Расеі. І я адмяніў усё гэта. Праз усе я прайшоў – і імпічмент, і забіць, і застрэліць, і [Міхаіла] Мясніковіча вешалі на слупе на плошчы перад Палацам рэспублікі».

2016 год

«Выбарчая кампанія будзе экзаменам палітычнай культуры нашага грамадства. І спадзявацца, што ў нас людзі да гэтага гатовыя і палітычна культурныя – нельга. Людзей і грамадства да гэтага трэба рыхтаваць».

Пасланне-2016 праходзіла за паўгода да чарговых парламенцкіх выбараў у Беларусі, таму Лукашэнка асобна акцэнтаваў увагу на тым, што выбар народу мусіць прайсці пад пільным наглядам улады. Дзейным на той момант дэпутатам ён сказаў: «вы ўсе мае людзі, мае дзеці, і я буду вас падтрымліваць». І паабяцаў дапамагчы тым, хто захоча пераабрацца на новы тэрмін.

Разам з тым Лукашэнка крытыкаваў беларускую адукацыю і не пагаджаўся з тым, што ўмова для вядзення бізнесу ў краіне – кепскія.

Значную частку прамовы Лукашэнка прысвяціў адносінам з Расеяй, адзначыўшы, што «мы не будзем хлопчыкамі на пабягушках».

«Мы самастойная, суверэнная дзяржава, якая жыве з вамі ў адным доме, але мае сваю кватэру. Хай маленькую, невялікую, і сваю», – дадаў ён.

Таксама Лукашэнка распавёў, што гатовы прадаць расейцам Менскі завод колавых цягачоў – але толькі ў тым выпадку, калі беларуская дзяржава за гэта атрымае нафтавае радовішча ў Расеі.

2015

«Зісер гэты ў вас несумленна сябе паводзіць… Дык колькі можна працаваць? Я ж вас прасіў год таму. Я даручыў усіх габрэяў узяць пад кантроль у Беларусі, і нават Павал Ізотавіч не абураўся. Зісер ніяк не можа… Ніяк не можам мы чалавека нармалізаваць».

Пасля гэтых слоў СМІ публікавалі артыкулы з яскравымі загалоўкамі: «Лукашэнка ўзяўся за габрэяў». У сувязі з чым Лукашэнка вырашыў пажартаваць на нацыянальную тэму дагэтуль не зразумела, але ўсё пасланне ў 2015 годзе было больш камічным, чым сур’ёзным. Вось далёка не поўны спіс перлаў з таго выступу:

«Мы прыедзем у сталіцу нашай радзімы Маскву, 8-га, калі скончылася вайна. Як трэба там адзначым і прадэманструем, што мы –«русский мир» (пра святкаванне 70-годдзя Дня Перамогі).

«Для таго каб выступаць за сям’ю і за дзяцей, трэба самім мець дзяцей. Што за дрымучасць – святар высокага ўзроўню не павінен мець дзяцей! Ну што гэта такое? Вось перакананы – па-ціхаму дзесьці нешта касячаць» (пра святароў).

«Усе жанчыны-дэпутаты, якія ня маюць трох дзяцей, – падумайце, як вы нараджаць будзеце» (пра жанчын-дэпутатак).

«Не блытайце сёе-тое з сім-тым» (кіраўнікам прадпрыемстваў).

2014

«Ужо занадта мы асцярожна падтрымліваем беларускую мову. Але папракнуць нас у тым, што мы расейскую мову не паважаем або прыніжаем, гэта падобна на злачынства. Таму я паставіў задачу Камітэту дзяржбяспекі да такіх людзей падыходзіць як да дыверсантаў».

Аляксандр Лукашэнка, 2014 год. Фота – president.gov.by

У 2014 годзе пасланне гучала падчас актыўнай фазы агрэсіі Расеі супраць Украіны – толькі што адбылася анексія Крыма, пачалася вайна на Данбасе. Таму Лукашэнка адразу вырашыў зняпраўдзіць усе патэнцыйныя папрокі ў русафобіі. «Сёння казаць, што мы зневажаем або прыніжаем расейскую мову… Гэта не расейская мова, гэта мая мова. Калі хто-небудзь хоча яго забраць і потым размахваць як сцягам, то ў іх гэта не атрымаецца. Мы сваю мову нікому не аддамо», – заявіў ён.

Але гаворка ў 2014 годзе ішла не толькі пра Расею. У прыватнасці, Лукашэнка выступіў з ініцыятывай, каб пацыенты, якім медычная дапамога спатрэбілася праз тое, што ён знаходзіўся ў стане алкальнага ап’янення, кампенсаваў шпіталю затраты на лячэнне з уласнага кішэню.

«На Захадзе баяцца хварэць не таму што гэта балюча, дрэнна, гэта нагрузка на родных, блізкіх, дзяцей, а таму што за гэта грошы трэба немалыя плаціць. А ў нас – напіўся і абмарозілася. Падбяруць і будуць змагацца за яго здароўе. Не, каб нагу адсеклі і выкінулі, пайшоў на адной назе».

Ну, і ў 2013 годзе была агучана легендарная дыетычная формула:

«Ну навошта есці мяса з бульбаю? Ну паеш з селядцом, з рыбай. Навошта ты на ноч, разам з гэтай бульбай жарэш мяса і кладзешся спаць? Як ты будзеш спаць? Як ты прачнешся раніцай?».

2013

«Ну не саспелі мы да галубізны – пачакайце крыху!»

У 2013 годзе «лібералізацыя» яшчэ не пачалася, Мікола Статкевіч яшчэ сядзеў у турме па справе аб «масавых беспарадках», таму Аляксандру Лукашэнка ў сваім пасланні вымушаны быў тлумачыць, чаму адносіны з Захадам такія кепскія. Тлумачыў, трэба прызнаць, арыгінальна – быццам бы праблема ў тым, што Захад патрабуе ад Беларусі легалізацыі аднаполых шлюбаў.

«Не прымушайце, дарагія, нас уводзіць аднаполыя шлюбы. Не будзе гэтага ў Беларусі, па меншай меры ў бліжэйшы час, ну пакуль я прэзідэнт, сапраўды! Не будзе тут галубых і ружовых, і іншых. Не саспелі мы для галубізны, ну, пачакайце трошкі! Ну народ не прымае гэта! А вы гэтым самым паказваеце, што вы адыходзіце ад хрысціянскіх каштоўнасцяў. Нам гэта чужое. Мы на гэта не пойдзем. І ні на якія рэвалюцыі мы таксама не пойдзем».

Праўда, дакараў ён і беларускіх чыноўнікаў – за карупцыю:

«Усе вернікі. Пагляджу часам на вас у храме – думаю, зараз кінуцца на падлогу і будуць ілбом аб падлогу стукаць. Свечкі трымаюць у руках. Калі вы прыходзіце ў храм і так заўзята моліцеся, так адданыя гэтым ідэалам, навошта ж вы крадзеце?».

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў