Пра што гаварыў Лукашэнка перад Саветам міністраў замежных спраў СНД


Аляксандр Лукашэнка запрапанаваў пад эгідай ААН сфармаваць «глабальную стратэгію супрацьстаяння новым выклікам і пагрозам, заснаваную на міжнародным праве».

Пра гэта ён заявіў сёння на сустрэчы з кіраўнікамі дэлегацый, якія ўдзельнічаюць у пасяджэнні Савета міністраў замежных спраў СНД, перадае БелТА.

Пра барацьбу з міжнародным тэрарызмам

«Спадзяюся, гэты год адзначыцца пазітыўнымі рэзананснымі ініцыятывамі, якія ў бліжэйшы час будуць увасоблены ў жыццё. Усё часцей прыярытэтам нашай супрацы становіцца сфера барацьбы з міжнародным тэрарызмам і экстрэмізмам», – сказаў Лукашэнка.

Лукашэнка таксама заявіў, што ў СНД «павінна быць забяспечана рэальную супрацу сілавых ведамстваў».

Паводле слоў Лукашэнкі, міністэрствам абароны трэба будзе да 2025 года стварыць аб’яднаную сістэму паветрана-касмічнай абароны дзяржаў – удзельніц СНД, а міністэрствам унутраных спраў – завяршыць распрацоўку і прыступіць да выканання Міждзяржаўнай праграмы сумесных мер барацьбы са злачыннасцю на 2019-2023 гады.

«Пры гэтым асаблівую ўвагу трэба надаць трансгранічнай злачыннасці», – дадаў ён.

«Да пытання барацьбы з фінансаваннем тэрарыстычнай актыўнасці неабходна далучыцца фінансавым разведкам краін СНД. А завяршальным звяном гэтай працы павінна стаць супраца дыпламатаў нашых дзяржаў для фармавання пад эгідай ААН глабальнай стратэгіі супрацьстаяння новым выклікам і пагрозам, заснаванай на міжнародным праве».

Пра назіральнікаў на выбарах

Лукашэнка таксама адзначыў «станоўчую ролю» назіральнікаў ад АБСЕ на выбарах.

«Беларусь заўсёды выступала за абʼектыўнасць у ацэнцы выбарных працэсаў і паказвала на высокую палітызацыю працы еўрапейскіх калег. Назіранне за выбарамі па лініі Садружнасці дазваляе фармаваць альтэрнатыўнае меркаванне, змагацца з манаполіяй заходніх экспертаў, якія заўсёды выносілі свае меркаванні яшчэ да дня галасавання», – заявіў Лукашэнка.

Пра супрацу з Еўропай

Лукашэнка выступіў за выпрацоўку «прымальных для ўсіх» прынцыпаў супрацы ў Еўропе.

«Важную ролю мог бы адыграць экспертны дыялог з удзелам аналітычных цэнтраў, дзяржаўных і недзяржаўных структур па пытаннях вызначэння агульных мэтаў, арыентаваных на ўмацаванне даверу паміж краінамі як мінімум у палітычнай і ваеннай сферах», – сказаў ён.

КА, belsat.eu

Стужка навінаў