Пра школу, форму і рэформы дзеля рэформаў. Гавораць дзеці і бацькі «з пятай калоны»


Раней мы ўжо чулі пра «правільных» і «няправільных» журналістаў, музыкаў, пісьменнікаў, палітыкаў, а цяпер з’явіліся і «няправільныя» дзеці. Мы паспрабавалі высветліць, чым адрозніваюцца дзеці «з пятай калоны», а таксама папрасілі іх абраць рэчы, у якіх яны б хацелі хадзіць да школы.

Элада, Мікалай і Георгій

Мікалай: Калі ты жывеш у гэтай краіне, то ты яе любіш. Ты можаш мець нейкія прэтэнзіі, бачыць нейкія недахопы, але калі ты не любіш краіну, то бярэш і зʼязджаеш.

Элада: Частка дзяцей нават не ведае, хто там пятая калона, хто не пятая. Але гэта яшчэ адна прыкмета для дыскрымінацыі.

Мікалай: Я б сказаў, што папахвае фашызмам. Вылучаюць групу людзей па нейкай прыкмеце і знаходзяць унутранага ворага.

Элада: Гэтак пачынаў Гітлер. Спачатку проста казаў, потым гэта ўжо пераўтваралася ў дзеянне, у законы, у ідэалогію. З гэтым трэба нешта рабіць.

Ці мусіць адрознівацца форма «дзяцей пятай калоны» і іншых? Раз ужо на тое пайшло, то хай у іншых будзе чырвона-зялёная форма і герб на азадку на шортах, нагавіцы з лампасамі, а «дзеці пятай калоны» павінны насіць тое, у чым ім зручна. Мы ўжо хадзілі ў краму і тое, што там прапануецца ў якасці формы – гэта сінтэтыка.

Мікалай: Я б яшчэ дадаў, што «дзеці пятай калоны», калі чымсьці адрозніваюцца, дык гэта актыўнасцю. Быў вось «Дзень экскурсіяў». Дзяцей рыхтавалі самастойна парводзіць экскурсію. Маглі прыходзіць любыя дзеці, але прыйшлі толькі дзеці актывістаў.

Элада: Мы вадзілі свой клас на выставу Ганны Франк, шмат школаў у гэта ўцягнулі. Але звычайна ў школах нам кажуць, што і тэма цікавая, і выстава, але на гэты месяц запланавана шэсць паходаў на хакей і таму яны не могуць.



Элада: Міністэрства адукацыі не тым займаецца. Ні пяцібальная сістэма, ні форма на агульную адукацыю не паўплываюць. Трэба надаваць увагу адукацыйнаму працэсу, мяняць лекцыйныя заняткі, якія дзецям ужо надакучылі, на якія-небудзь інтэрактыўныя. Заняткі мастацтва трэба праводзіць не ў класах, а вадзіць дзяцей у музеі, на біялогіі вазіць дзяцей у поле, каб паназіралі за казуркамі. Трэба каб дзеці разумелі, што гэта існуе не толькі ў падручніках, а ўсё ёсць вакол іх.

Мікалай: Трэба мяняць сістэму, а не дэкарацыю. Асноўная праблема, што школа не дае прафесійнага арыентавання. Дзеці выходзяць з 11 класы і не разумеюць, чым яны хочуць займацца. Мы ходзім на семінары, курсы, каб дзіця паспрабавала сябе ў розных прафесіях.



Элада: А яшчэ ж ёсць піянеры і ўсё астатняе. У акцябраты нас прымалі практычна праз падман. Мы з класам паехалі ў музей Вялікай айчыннай вайны. Дзяцей заводзяць на самую гару і кажуць: «А зараз мы вас будзем прымаць у акцябраты!». У мяне наагул адпала сківіца. Яны пачалі чытаць гэтую клятву. Георгій адразу сказаў, што нічога ён чытаць не будзе і ніякі значак чапляць таксама не будзе. Адзін хлопчык сказаў, што яму мама не дазваляе, а іншая дзяўчынка проста «праз шкадлівасць» адмовілася. А потым былі піянеры, мы адразу сказалі, што не будзем здаваць грошы на гальштук.

Георгій: Настаўніца сказала, што я не паступлю праз гэты гэта ва ўніверсітэт, таму што мне не хопіць балаў. Я пайшоў на музыку, а аднакласнікаў павялі прысвячаць у піянеры.

Элада: Наагул, калі непаўнагадовы ўступае ў арганізацыю, трэба дазвол бацькоў. Як яны гэта пракручваюць, мне не зразумела.


Алена і Тамаш

Алена: Сартаваць дзяцей па прыкмеце ўцягнутасці бацькоў у нейкую тэму: на дзяцей пятай калоны, або, да прыкладу на дзяцей футбалістаў-легіянераў, або на дзяцей міліцыянераў? Гэта нейкая новая беларуская форма стыгматызацыі.

На сёння мяне цалкам задавальняе фармат афіцыйна-дзелавога стылю ў школе. Нам з сынам падабаецца падбіраць камплекты з кашулямі – каб было і стыльна, і па-дзелавому, і зручна. Я ўпэўненая, што гэты навык спатрэбіцца яму па жыцці. А пачуццё стылю – гэта таксама прыкмета высокага IQ.

Але давайце падумаем пра гэта ў разрэзе таго, што школа – гэта мініяцюрная форма свету, да якога мы адаптуем дзіцяці. І якія тэндэнцыі? Нават вядомая HR і стваральніца платформы «Антирабство» Алёна Уладзімірская дае параду для сучасных саіскальнікаў – выглядаць дагледжана, але без залішняга глянцу. А заснавальнік PayPal Піцер Тыль распавядаў: калі чалавек прыходзіў у венчурны фонд не ў простых джынсах і футболцы – яму не давалі грошай на праект. Усё даўно змянілася. Але, як вядома, гэта не наш метад – глядзець у будучыню. Наш метад – настальгаваць і баяцца быць самастойнымі.



Школьная форма ва ўсёй беларускай адукацыйнай сістэме – гэта найменшае зло. Хачу зрабіць агаворку, што ў нас цудоўная настаўніца і вельмі прыемны калектыў бацькоў. Але і пры гэтым паглыбленне ў школьную сістэму для мяне было стрэсам. Шэсць гадоў ты гадуеш дзіцяці ў свабодзе выбару, прыслухоўваешся да яго меркавання і жаданняў, але прыходзіш у школу, а тут гэта больш не працуе.

Мая мама – настаўніца. Часцей за ўсё ад яе я чую фразу: «Мы за паперкамі не бачым дзяцей». Вось гэтыя словы трэба вялікімі літарамі напісаць і павесіць над кожнай школай. Мы забываем, што праца настаўніка вельмі творчая.

У гэтай краіне нічога не зменіцца ў лепшы бок, пакуль не зменіцца ў сістэме падыход да дзяцей і адукацыі ў школе. Пры гэтым я не магу сказаць, што ўсе прапановы па рэфармаванні школы дрэнныя. Пытанне, як звычайна, у фармальным выкананні – на паперках, для справаздачы.

Час мяняецца, дзеці мяняюцца, а падыход да дзіцяці ў школе – не. Тамаш ніяк не ўспрымае школьную ўстаноўку на падпарадкаванне па змаўчанні. Але, на жаль, такі падыход многія ўспрымаюць як незахаванне субардынацыі. Асабліва калі настаўнік старэйшы за дзіця на пакаленні два – гэта ўжо неўзнаўляльны культурны разрыў. Добра, калі настаўнік разумее, што і яму ў нашых дзяцей ёсць чаму вучыцца.



Мацней за ўсё мяне абурае прапанова вярнуцца да пяцібальнай сістэмы – нібыта дзесяцібальная размывае мяжу паміж пасрэднасцю і геніем. Але хто геній, а хто пасрэднасць? Мая мама ў школе любіць распавядаць пра Андэрсана: ён прыносіў свае казкі ў рэдакцыю ў стане, якому сёння ў школе паставяць кляймо «нечытабельная праца« – у яго была дысграфія. Ён быў пасрэднасцю? Ён, выходзіць, быў нават горш.

Навошта прывязвацца да пяцібальнай сістэмы і ў розуме перакладаць дзясяткі?! Бо можна з нуля адаптавацца і правільна чытаць балы, пераводзіць у працэнты ад 10 да 100 напрыклад. Гэтак нават прасцей адразу адаптаваць балы да магчымага адсотку на ЦТ. Навошта нам вяртацца да «троечнікаў» і «выдатнікаў»? Толькі таму, што бацькі не могуць праявіць гнуткасць і адаптавацца да дзясяткаў без перакладу балаў у адзнакі? Гэта яшчэ адзін любімы беларускі падыход – калі я чагосьці не разумею, то трэба гэта адмяніць.

Адзіная школьная форма, пераход на пяцібальную сістэму – гэтыя рэформы не ўплываюць на якасць адукацыі. Мы мяняем абалонку, пакідаючы ранейшую форму.


Валерыя і Ліна

Валерыя: Мне здаецца, што адзіная форма будзе выконваць толькі адну функцыю – забяспечваць замовамі нашу лёгкую прамысловасць. Мы хадзілі і шукалі вопратку ў беларускіх крамах, але апынулася, што ў крамах замежных брэндаў адзенне не толькі больш якаснае, але і таннейшае, розніца ў кошце была проста фантастычная.

«Дзеці пятай калоны», напэўна, потым будуць адрознівацца, калі пойдуць на выбарчыя ўчасткі, а цяпер нічым не адрозніваюцца. Вось сядзіць дзіця і не разумее, пра што мы гаворым.



Усе гэтыя рэформы спараджаюць агульны недавер да сістэмы адукацыі. Мне здаецца, людзі, якія вырашаюць пераносіць у сшытках радок або не, проста спрабуюць паказаць, што яны не дарма сядзяць на сваіх месцах і зарабляюць свае грошы, апраўдваюць сваё існаванне. Гэта нават ужо не эксперымент, а грэбаванне ўсімі намі. Калі б яны рабілі нешта добрае, то я была б не супраць, калі б на маім дзіцяці пачаліся гэтыя рэформы. Але ўзгадваю тыя цэнтралізаваныя тэставанні, на якія я патрапіла, пераход на 10-бальную сістэму ці гэтых няшчасныя дзяцей, якія патрапілі на дванаццацігодку – для мяне гэта было незразумелым ужо тады, а цяпер гэта наагул за мяжою разумення.



Звычайны настаўнік не будзе працаваць у гэтай сістэме. Нават тыя настаўнікі, якія працавалі за смешныя грошы, ужо здаліся. Мала таго, што ім няма чаго есьці, так ім яшчэ спрабуюць навязаць зусім нерэальныя стандарты, якім яны не хочуць адпавядаць.


Сафія, Дар’я, Міхась і Міхась

Міхась-старэйшы: Гэта непрыемна чуць, што хтосьці прылічвае цябе да«пятай калоны», але калі ты ня лічыш сябе «пятай калонай», то і перажываць з гэтага не надта трэба. Я адношу сябе да той часткі беларусаў, якія жывуць у сваёй краіне, якія свядома выбралі жыць тут.

Я вярнуўся сюды пасля пятнаццаці год, пражытых у Польшчы, каб гадаваць тут дзяцей. Калі мы будзем працягваць палітыку стыгматызавання, думаю, што «дзеці пятай калоны» – гэта дзеці тых, хто сёння ў Беларусі падтрымлівае «рускі мір».

Нават улічваючы гэты палітычны фактар, я б не хацеў падзелу грамадства паводле нейкіх палітычных крытэрыяў, таму што гэта прывядзе да «данбасу».

Савецкі Саюз быў вельмі простай краінай, там заўсёды існаваў падзел на белае і чорнае, і носьбіты гэтай свядомасці, якія з’яўляюцца сёння дзяржаўнымі службоўцамі на чале з галоўным дзяржаўным службоўцам Беларусі, прызвычаіліся да гэтай дыхатаміі, да гэтага чорна-белага падзелу і намагаюцца яго імплантаваць у свядомасць новых пакаленняў і адсюль вось гэтае спрашчэнне свету.



Я лічу, што перамены – гэта супер. Толькі гэтыя перамены павінны быць абгрунтаваныя, яны павінны быць падрыхтаваныя, яны павінны вынікаць з нейкіх лагічных крокаў, якія былі прадуманыя, а ў нас у сферы адукацыі назіраецца «разброд и шатания». Калі прыходзіць наступны міністр, яму трэба выказацца, то бок паказаць, што ён нешта робіць, і ён пачынае змяняць па дзясятым коле тое, што ўжо раней было змененае.

Гэтыя змены не нясуць ніякай якасці, гэта проста «А давайце паспрабуем карову накарміць саломаю. Здохла? Ну добра, наступны раз будзем карміць сенам».

Ганна Аземша, Ірына Арахоўская, belsat.eu

Стужка навінаў