Пра гатовасць галасаваць на прэзідэнцкіх выбарах заявілі звыш 71 % беларусаў


Гатовасць галасаваць на прэзідэнцкіх выбарах сёння выказваюць звыш 71 % апытаных беларусаў. Пра гэта сведчаць вынікі нацыянальнага апытання, праведзенага ў чэрвені Незалежным інстытутам сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў (Літва).

34,7 % апытаных адказалі на пытанне аб удзеле ў галасаванні па выбарах прэзідэнта «так, вядома буду», 36,7 % – «хутчэй так», 17,3% – «хутчэй не», 4,8 % – «вядома, не буду», інфармуе БелаПАН.

Як адзначае НІСЭПД, цікавасць да палітыкі ў беларусаў праяўляецца, перш за ўсё, у тым, што яны галасуюць на выбарах – 68,5 %, абмяркоўваюць палітычныя падзеі з сябрамі – 44,5 %, уважліва сочаць за інфармацыяй аб палітычных падзеях – 34,7 %. Удзельнічаюць у арганізацыі і правядзенні выбарчых кампаній толькі 3,7 %, у палітычных акцыях, дэманстрацыях, мітынгах, пікетах, забастоўках – 3,6 %, падпісваюць лісты, звароты – 2,7 %, з’яўляюцца чальцамі палітычных партый і рухаў – 2,4 %.

Выбары лічаць найбольш рэалістычным і пажаданым варыянтам пераменаў 49 % апытаных, амаль 28 % – рэспубліканскі рэферэндум і толькі менш за 10 % – вулічныя пратэсты.

Нягледзячы на ​​тое што, згодна з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, адзінай крыніцай дзяржаўнай улады і носьбітам суверэнітэту ў краіне з’яўляецца народ, толькі 44,5 % рэспандэнтаў далі правільны адказ на гэтае пытанне, а 48,7 % лічаць, што гэта прэзідэнт.

Амаль чвэрць апытаных сацыёлагамі беларусаў думаюць, што пасля сыходу Аляксандра Лукашэнкі з пасады прэзідэнта жыццё ў Беларусі палепшыцца, столькі ж прытрымліваюцца супрацьлеглага меркавання, яшчэ амаль 39 % – што жыццё застанецца такім жа. На думку 54,5 % рэспандэнтаў, Лукашэнка ведае, куды ён вядзе Беларусь, супрацьлеглы адказ далі 35,7 %.

Як паведамляе НІСЭПД, апытана 1,513 чалавек, памылка рэпрэзентатыўнасці не перавысіла 3 %.

МЯ, паводле БелаПАН

Стужка навінаў