«Пра Алексіевіч нічога нашыя навіны не паказваюць. А на «Белсаце» будзе ўсё»


Бард і журналіст Зміцер Бартосік наведаў родныя мясціны нобэлеўскай лаўрэаткі на Палессі. Як адгукаюцца тамтэйшыя жыхары пра вядомую пісьменніцу?

Падаем урывак рэпартажу.

Таемная габрэйка, якая, пасябраваўшы з Зянонам Пазняком, звязалася з Васілём Быкавым, каб уступіць у Народны Фронт, каб пасля атрымаць Нобэлеўскую прэмію ад Барака Оўбамы за тое, што «плявузгае» на Лукашэнку. Пасля ўсяго пачутага на радзіме гераіні, мне вельмі хацелася адсюль як мага хутчэй збегчы. Бо сам ужо стаў непакоіцца за сваё псіхічнае здароўе. Каб спытацца карацейшага шляху я зайшоў у машынна-трактарны парк мясцовага СВК. Дзе курылі трактарысты і механікі. Неінтэлігентныя, грубыя мужыкі з мазолістымі мазутнымі рукамі. Тут і адбыўся дыялог, які лягчэй уявіць на менскай кухні.

– Вы ня ведаеце Сьвятлану Алексіевіч?

– Вядома, ведаем.

– У мяне нават дзве кнігі яе ёсць. «Цынкавыя хлопчыкі», «У вайны не жаночае аблічча».

– Зараз беларусы практычна нічога не паказваюць пра яе. А па спадарожніку, па канале «Белсат» я глядзеў, як яе ўзнагароджвалі. Нобэлеўская прэмія! Гэта ж першы раз такое ў Беларусі!

– Маці нямецкую мову выкладала, а бацька рабіў ваенруком.

– І пра яе нічога нашыя навіны не паказваюць. Нічога! А на «Белсаце» будзе ўсё.

– Вы радыя?

– Радыя, вядома. Зямлячка.

Звычайныя трактарысты і механізатары выявіліся не проста разумнейшымі за сваіх настаўнікаў. Яны проста здаровыя людзі, якія выратавалі ў маіх вачах гонар Асаўца (Мазырскі раён). Няўжо ўся справа ў «Белсаце»?

– Хай бы ў родны калгас з таго мільёну купіла трактар. А мы б напісалі «Святлана Алексіевіч».

– Гэта як раней на танках пісалі?

– Так, на трактары б напісалі.

Сапраўды, калі на фронце былі танкі «ад Любові Арловай», чаму б ня быць трактару «ад Святланы Алексіевіч»? Ёсць людзі, якія гэта заслугоўваюць.

Рэпартаж цалкам па спасылцы.

Стужка навінаў