Пошукі адзіноты: лунінецкі «Рабінзон Круза» правёў у лесе 23 дні


Жыхар Лунінецкага раёну за тры тыдні запар шукаў у лесе… адзіноты. Сям’я нічога не ведала.

26-гадовы мужчына знік 24 кастрычніка. У той дзень ён у вёсцы Лахва дапамагаў бацьку па гаспадарцы, потым маладзён сеў за стырно свайго аўтамабіля і з’ехаў у невядомым кірунку. Сваім сваякам ён не сказаў ні слова, куды накіроўваецца.

Мужчына не з’яўляўся некалькі дзён, пасля чаго яго бацькі звярнуліся па дапамогу ў міліцыю. Акрамя супрацоўнікаў правапарадку ў пошуках хлопца актыўна прымалі ўдзел леснікі, паляўнічыя і валанцёры пошукава-выратавальнага атраду «Анёл», падае пінскі сайт Varjag.net.

У ноч на 16 лістапада малады чалавек сам аб’явіўся ў вёсцы Людзяневічы Жыткавіцкага раёну. Ён прыйшоў у госці да сваёй жонкі, з якой не пражываў ужо некаторы час. Аказалася, цэлых 23 дні бацька дваіх малалетніх дзяцей правёў у лесе. Прадукты купляў на аўтазаправачных станцыях. А дадому вырашыў вярнуцца толькі тады, калі ў яго скончыліся грошы.

Свае паводзіны мужчына патлумачыў міліцыянтам жаданнем пабыць аднаму, якое паўстала на фоне сямейных праблем. Лунінецкі «Рабінзон Круза» шукаў адзінота ў лесе ўжо не ў першы раз. Мінулай зімой міліцыя таксама некалькі дзён займалася ягонымі пошукамі. У мясцовай паліклініцы малады чалавек атрымаў накіраванне на псіхіятрычнае абследаванне ў Гомлі.

МЯ, паводле varjag.net, фота varjag.net

Стужка навінаў