Помнікі на продаж: Будынак галерэі «ЦЭХ» і бару «Хуліган» пойдзе з малатка

video

На продаж таксама выстаўляюць Белую дачу – сядзібу 19-га стагоддзя на ўскрайку Менску, дзе адпачывала кіраўніцтва БССР. За частку заводу на Кастрычніцкай просяць амаль $ 1,5 млн, Белая дача абыдзецца пакупніку ў $ 400 тыс. – калі канечне гэты пакупнік знойдзецца.

«Сёння выканкам ставіць свае ўмовы да набыцця. Усе яны даводзяцца да таго, што ты першасна павінен адбудаваць каробку, як было. А ці патрэбна гэта сёння? Гэта ж і выдаткі вялікія», – кажа Андрэй Лары, сябра архітэктурнай секцыі Таварыства аховы помнікаў.

Выстаўленая на продаж частка заводу належыць сталічнаму МЗКР, і калі яго ўсё ж прададуць, «Цэху» і «Хулігану» давядзецца шукаць сабе новае месца. Арт-дырэктар студыі «PocketRocket» Дзяніс Чырка адзначае, што вуліца Кастрычніцкая зрабілася новым культурніцкім маршрутам, які прываблівае не толькі турыстаў, але і актыўную моладзь: цягам некалькіх гадоў тут адкрылася студыя ёгі, галерэя, некалькі бараў ды кавярняў, у дворыках у выходныя танчаць бачату, ладзяць вечарынкі і лекцыі на любыя тэмы: ад фемінізму да сучаснага мастацтва.

«Становіцца больш крэатыўных людзей, якія апантаныя сваёй ідэяй, і калі іх набярэцца крытычная маса, то ім спатрэбіцца прастора, каб жыць, ствараць і г.д І, верагодна, знойдзецца інвестар, што гатовы купіць гэтую прастору», – адзначае Дзяніс Чырка.

Еўропа ведае багата прыкладаў цэлых крэатыўных кварталаў: у Таліне гэта «Telliskivi Creative City», у Лодзі – «Manufaktura Poznańskiego». Але каб завод імя Кастрычніцкай рэвалюцыі атрымаў другое жыццё, яго мусіць выкупіць бізнесоўца, які не толькі мае грошы, але і не баіцца складанасцяў: купляючы будынак-помнік архітэктуры, трэба не толькі падрыхтаваць безліч дакументаў, але і мець грошы на рэстаўрацыю.

Настасся Храловіч

Глядзі таксама
Каментары