Помнік самаму высокаму чалавеку ў свеце адкрылі ў Віцебску


Скульптуру «Віцебскі волат» адкрылі ў Віцебску ў Дзень гораду. Яна адлітая з бронзы ў прапорцыях 1: 1.

Вышыня манументальна-дэкаратыўнай кампазіцыі разам з цыліндрам – 312 сантыметраў. Скульптура стаіць у скверы Маякоўскага побач з ратушай.

Правобразам скульптуры стаў самы высокі чалавек планеты (неафіцыйна) Фёдар Махноў.

Паводле аўтара скульптуры, гэта не помнік Фёдара Махнова, а мастацкі вобраз, заснаваны на рэальным прататыпе. Фота – Аляксандра Хітрова/БЕЛТА

Лічыцца, што рост ураджэнца Віцебшчыны Фёдара Махнова (нар. у 1878) складаў 285 см, а даўжыня ягонае ступні – 51 см. Калі гэта праўда, то ён быў на 13 см вышэй, чымся Робэрт Пэршынг Ўодлоў – афіцыйна прызнаны самы высокі чалавек у гісторыі, рост якога складаў 272 сантыметраў.

У 1890-я гады Фёдар Махноў наведаў з цыркам амаль усю Еўропу і ЗША.

У 1920-я гады шкілет Фёдара Махнова быў эксгумаваны і перададзены на кафедру анатоміі Менскага медычнага інстытуту. Навукоўцы высветлілі, што ў мужчыны была акрамегалія, выкліканая гарманальным парушэннем, якая ўзмацняе рост арганізма. У часы Другой сусветнай шкілет знік.

Фота – Аляксандр Хітрова/БЕЛТА

Скульптар Іван Казак распавёў, што ідэя помніка з’явілася каля дзесяці гадоў таму. Першапачаткова планавалася адлюстраваць Махнова разам з жонкай з крэслам па цэнтры. Па задумцы волат як бы прапаноўваў ёй прысесці на яго. Але ад гэтага варыянту прыйшлося адмовіцца.

«Цяпер знакаміты зямляк варта адзін, і на крэсла ён запрашае ўжо прысесці гледача. Прапорцыі скульптуры адпавядаюць росту рэальнага правобраза», – дадаў скульптар.

У адкрыцці помніка ўзялі ўдзел гарадскія ўлады і прадстаўнікі дэлегацыяў з розных краінаў, якія прыехалі на святкаванне

Сёння Віцебск адзначае 1044-ю гадавіну. Паводле падання з Віцебскага летапісу, горад быў заснаваны вялікай княгіняй Вольгай у 974 годзе (на самой справе Вольга памерла ў 969 годзе).

ДД

Стужка навінаў