У Горадні паставілі помнік ваяру, які не прайграў ніводнай бітвы


Помнік Давыду Гарадзенскаму

Белы граніт для помніка везлі ажно з Башкірыі.

Вагаю болей за 10 тон і вышынёй болей за 3,5 метра – перад уваходам у гарадзенскія замкі новы помнік Давыду Гарадзенскаму выглядае сапраўды велічна. На пастаменце надпіс: «ДАВЫД ГАРАДЗЕНСКІ (каля 1283-1326). Выдатны дзеяч Вялікага Княства Літоўскага, стараста гарадзенскі, таленавіты палкаводзец, непераможны ваяр і абаронца зямлі Беларускай».

Каля трох месяцаў над помнікам працаваў скульптар Сяргей Аганаў.

«Помнікам я задаволены. Сілаў пайшло, канешне, шмат. Перад працай над каменем я зрабіў каля дваццаці эскізаў. Потым два з паловай месяца кожны дзень апрацоўваў сам камень. Але мне гэта падабаецца. Досвед выдатны», – кажа аўтар помніка, які да гэтага рабіў Анастасію Слуцкую ў Слуцку і помнік войту ў Менску.

Як паведаміў Сяргей Аганаў, граніт для помніка прывезлі ажно з Башкірыі:

«Проста хацелася, каб помнік быў светлы, а светлых гранітаў не так шмат у свеце. Вось да прыкладу пастамент зроблены з Пагостаўскага граніту, але ён пакрыты кропкамі. Калі рабіць з яго помнік, то ён будзе васпаваты, а ў Мансуры граніт аднародны, светлы. У той жа час гэта граніт, бо з мармуру рабіць можна, ён лягчэй абрабляецца, але ў сувязі з нашымі ўмовамі надвор’я, ён даволі нядоўга стаіць. Прасочваецца бруд, вада і ён разбураецца. Граніт у гэтым сэнсе – вельмі шчыльны матэрыял, вулканічная парода».

Усталяванне помніка Давыду Гарадзенскаму

Помнік ствараўся пры падтрымцы Гарадзенскай епархіі Беларускай Праваслаўнай Царквы, а фундатарам выступіў Анатоль Карабач.

Дык хто такі гэты непераможны ваяр?

Нашы ворагі гатовы, крыжакі стаяць ля муру.

Эх, нямецкія сабакі, хочуць здзерці нашу скуру!

Але варты навастрылі, чыстапёры паўздымалі.

З кім змагацца, яны будуць, ім магістры не сказалі.

Бо, каб ведалі імя, паўцякалі б з поля бою!

Бы хто з рыцараў не марыў развітацца з галавою?

Бо крыжацкую навалу, той славуты шыльд нямецкі,

Ён заўжды з зямлёй раўняў, наш Давыдзе Гарадзенскі!

Так у сваёй песне бадзёра спяваюць музыкі гарадзенскага гурта «DZIECIUKI».

Доўгі час пра гарадзенскага змагара нічога не было вядома. Сам Давыд Гарадзенскі быў сынам нальшанскага князя Даўмонта і ўнучкі Аляксандра Неўскага, княжны Марыі Дзмітрыеўны. Ад Даўмонта ў спадчыну маладзенькі Давыд атрымаў Нальшаны, куды і пераехаў пасля смерці бацькі. У той час Нальшаны ўваходзілі ў склад ВКЛ, створанага князем Віценем, якому Давыд прапанаваў сваё сяброўства і меч.

Не зважаючы на варожасць паміж бацькамі князёў, малады Давыд аказаўся адданым і добра навучаным воінам. Каб зрабіць Давыда яшчэ бліжэйшым хаўруснікам, Віцень аддаў яму ў жонкі сваю пляменніцу Біруту Гедымінаўну, каторай ужо ішоў чатырнаццаты год. Па легендзе, яны сустрэліся на адным з піроў у замку і адразу пакахалі адзін аднаго. Пасля вяселля Віцень з Гедымінам вырашылі даверыць Давыду пасаду каменданта і намесніка вялікага князя ў Горадні. Менавіта там у 1305-м годзе яму давялося ўпершыню ўступіць у бой з крыжакамі, бітву з якімі малады князь з поспехам выйграў, хоць сілы былі няроўнымі. Праз два гады гарадзенскаму старасце прыйшлося сустрэцца з іншым ворагам – комтурам Кёнігсбергу Эберхардам фон Вірненбургам. Аднак і тады рыцарам не ўдалося захапіць замак. У 1314-м годзе Давыд Гарадзенскі абараняў Наваградак, а ў 1323 Пскоўшчыну.

Давыд Гарадзенскі быў палкаводцам, які не прайграў ніводнай са сваіх бітваў. Аднак пры гэтым князь не змог зберагчы сваю ўласную сям’ю. У 1324 годзе тры нямецкіх рыцара з войскам прабраліся ў ваколіцы Горадні. Скарыстаўшыся адсутнасцю Давыда, які быў у чарговым паходзе, яны разрабавалі яго радавую сядзібу і забілі жонку Давыда разам з дзецьмі.

Вярнуўшыся ён убачыў 28 забітых цел яго блізкіх і родных. За гэта палкаводзец жорстка помсціў усё сваё астатняе жыццё. Ён спаліў Мазовію, хаўрусніцу Ордэна. Сабраў вялікае войска і дайшоў ужо да Франкфурту-на-Майне, дзе мазавецкі рыцар Анджэй Гост нанёс яму смяротны ўдар у спіну. Паводле легенды, ваяры Давыда Гарадзенскага прынеслі яго цела ў Горадню на сваіх шчытах і пахавалі недалёка Каложскай царквы, дзе была пахаваная Бірутэ. Легенда ж кажа, што да мяча гарадзенскага героя прывязалі вышытую хустачку ягонай каханай жонкі, якую ён увесь час насіў з сабой.

Урачыстае адкрыццё помніка адбудзецца 1 чэрвеня падчас Фестывалю Нацыянальных культур у Горадні а 16.00.

Паўліна Валіш, belsat.eu

Стужка навінаў