Адкрылі помнік Алесю Чаркашыну. Прыехалі бацькі Жызнеўскага і актывісты


Ушанаванне памяці беларуса, які загінуў летась у зоне АТА ва Украіне, пачалося на могілках вёскі Камяніца Жыравецкая а 14:00.

На адкрыццё помніка прыехалі бацькі загінулага на Майдане беларуса Міхаіла Жызнеўскага і шэраг актывістаў з Менску – Павел Севярынец, Вольга Нікалайчык, Уладзімір Басалыга. Усяго на могілках прысутнічае каля 40 асобаў.

Бацька Міхаіла Жызнеўскага заклікаў беларусаў прачнуцца ад уплыву прапаганды.


Помнік усталявалі 29 жніўня, але афіцыйнае адкрыццё запланавалі на дзень народзінаў Алеся. Аўтары дапрацаванага праекту, якія папрасілі нас не афішаваць сваё імёны, кажуць, што стылістыка помніка Алесю Чаркашыну «вынікае з трыяды: Бог, Бацькаўшчына, Служэнне»

Чакаецца, што сёння тут збяруцца бацькі, родныя, сябры берасцейца, а таксама госці з іншых гарадоў Беларусі.

Пасля ўшанавання памяці Алеся Чаркашына на могілках у памяшканні рэдакцыі «Брэсцкі курʼер» а 15:30 адбудзецца перадпрэмʼерны паказ адмысловага рэпартажу «Белсату» рэжысёра Антося Цялежнікава «Алесь Чаркашын. Не здавайся!». Прэм’ера рэпартажу на тэлеканале «Белсат» адудзецца  14 кастрычніка а 22:20, паглядзець стужку можна ў онлайне.

На помнік трэба каля 6 тысяч долараў, пакуль сабралі крыху больш за чатыры.

Алесь Чаркашын – беларус з Добраахвотнага ўкраінскага корпуса «Правы сектар», які ваяваў на Данбасе з пачатку зімы 2015 года. Вядомы Алесь таксама як аўтар шэрагу патрыятычных песень.

10 жніўня 2015 года ён быў цяжка паранены пад Белакаменкай, пасля двух тыдняў у коме ён памёр.Чаркашын быў пасмяротна ўзнагароджаны ордэнам «Народны герой Украіны».

Пахаваны ў Берасці. Сёння б яму споўнілася 34 гады.

Пералічыць грошы на помнік можна на рахунак у «Беларусбанку»:

9112 0001 5805 4367 09/20

Чаркашын Ігар Мікалаевіч

ДР belsat.eu

Стужка навінаў