Польскія візавыя цэнтры адкрыліся ў чатырох гарадах


З 1 сакавіка падаць дакументы на польскую візу можна не толькі праз консульства, але і праз візавыя цэнтры. Кошт паслугі – 15 еўраў.

Што гэта такое?

Візавы цэнтр – установа, у якой можна зрабіць страхоўку і ўсе патрэбныя для візы ксеракопіі дакументаў, здаць адбіткі пальцаў і сфатаграфавацца ды ўласна пакінуць заяву на візу. Усё ў адным месцы, але і каштуе не мала: 15 еўраў, не ўлічваючы кошт страхоўкі і самой візы.

Карысна не толькі для абібокаў:

«Асабліва актуальна гэта для гарадоў, у якіх адсутнічаюць нашыя дыпламатычныя прадстаўніцтвы – заявіў Міхал Хабрас, Часовы Павераны ў справах Амбасады Польшчы ў Беларусі.

«Чаму мы так спяшаліся? Перад намі ў гэтым годзе стаіць сурʼёзная задача: Польшча прымае Сусветны дзень моладзі, на якім будзе прысутнічаць Папа Рымскі. Чакаецца, што свята наведае каля двух з паловай мільёнаў чалавек, сярод якіх будзе шмат тысяч беларусаў», – тлумачыць кіраўнік консульскага аддзелу пасольства Польшчы ў Беларусі Марэк Пэндзіх.

Паводле польскіх дыпламатаў, летась праз польскія консульствы беларусы атрымалі 400 тыс. нацыянальных і шэнгенскіх візаў.

Адрасы цэнтраў

Берасце, вул. Маскоўская, 208А.
Гомель, вул. Пушкіна, 2.
Горадня, вул. Горкага, 89.
Менск, вул. Чыгуначная, 33, SV Plaza, 1-ы паверх.

Менскі адрас – часовы: у другой палове сакавіка цэнтр пераедзе ў гандлёвы цэнтр Galileo.

Прапускная здольнасць візавых цэнтраў складзе каля 2 тыс. чалавек у дзень.

«За апошні год колькасць шматгадовых візаў, якія мы выдаем, вырасла на 70 %, большасць з іх – турыстычныя», – кажа Марэк Пэндзіх. «Зніжэння попыту на візы не назіраецца. Наадварот: мы мяркуем, што Польшча стане адным з асноўных турыстычных напрамкаў для беларусаў».

У амбасадзе кажуць, што адкрыццё візавых цэнтраў ніяк не паўплывае на працэдуру падачы заяў у консульскіх аддзяленнях Польшчы ў Беларусі.

Цэнтры №№ 1936–1939

Тэхнічнае падтрыманне цэнтраў ажыццяўляе міжнародная аўтсорсінгавая кампанія VFS Global. Беларусь стала 123 краінай, дзе гэтая фірма вядзе віза-пашпартны бізнэс. Пасля адкрыцця польскіх візавых цэнтраў у Беларусі, у VFS Gloval іх цяпер агулам 1939.

ДД

Стужка навінаў