Польскія паліцыянты страйкуюць – ад сёння выпісваюць менш штрафаў


З 10 ліпеня польскія паліцыянты збіраюцца ў знак пратэсту выпісваць менш штрафаў. Замест іх, у сітуацыях, дзе гэта магчыма, будуць абмяжоўвацца папярэджаннем. Страйк праходзіць па ўсёй краіне.

«Пратэст не накіраваны на ўлады або на нашых начальнікаў. Мэта пратэсту – прыцягнуць увагу да фінансавага становішча працаўнікоў, якое рэзка пагаршаецца, а таксама на недахопы ў плане кадравага забеспячэння, у выніку чаго ўзнікаюць перагрузкі паліцыянтаў, якія цяпер нясуць службу», – адзначаюць паліцыянты.

Праваахоўнікі падкрэсліваюць: «Жадаючы выбіць з рук нашых супернікаў зброю, падкрэсліваем і заклікаем усіх удзельнікаў нашай акцыі, каб яна праходзіла ў адпаведнасці з законам. Таму, пачынаючы з наступнага аўторка, камунікуючы з парушальнікамі, карыстаемся магчымасцямі, якія прадугледжаны заканадаўствам. Супраць парушальнікаў у максімальна шырокім маштабе выкарыстоўваем выхаваўчае ўздзеянне ў форме настаўлення, памятаючы, што нашым прыярытэтам з‘яўляецца забеспячэнне бяспекі нашых суайчыннікаў».

Чаго патрабуюць

Паліцыянты патрабуюць сярод іншага вяртання 30 дзён бальнічнага адпачынку, якія аплачваюцца, таксама вяртання індэксацыі заробку, аплаты перапрацовак і зменаў у пенсійнай сістэме.

Акрамя таго хочуць у 2019 годзе павышэння заробкаў на 650 злотых (каля $ 175), а ў 2020-м – на 500 злотых ($ 135).

Пры гэтым супрацоўнікі кажуць, што калі не знойдуць паразумення, то ў верасні зладзяць пратэст у Варшаве.

Да акцыі могуць далучыцца іншыя службы

Цалкам магчыма, што да паліцэйскіх пратэстаў хутка далучацца іншыя службы. Паводле інфармацыі кіраўніка Незалежнага самакіравальнага прафсаюзу паліцыянтаў, у панядзелак пачала пратэст Мазавецкая федэрацыя прафсаюзаў ваенізаваных службаў. Што праўда, афіцыйнага пацверджання гэтаму пакуль няма.

Не вырашыліся наконт пратэсту памежнікі. У чэрвені яны абвесцілі стан гатовасці да такой акцыі, але, хутчэй за ўсё, рашэнне наконт гэтага будзе прынята 11 ліпеня.

НМ, belsat.eu, паводле polsatnews

Стужка навінаў