Польскія нумарныя знакі будуць рабіць у беларускіх турмах


Польская фірма хоча наладзіць выпуск аўтамабільных нумарных знакаў у калоніях №11 і №14.

Прадстаўнікі Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі сустрэліся ў Дэпартаменце выканання пакаранняў з дэлегацыяй польскай кампаніі Utal.

«Бакі абмеркавалі шырокі спектр пытанняў у вытворчым сектары. У прыватнасці, магчымасць вытворчасці на прадпрыемствах беларускай крымінальна-выканаўчай сістэмы нарыхтовак рэгістрацыйных знакаў транспартных сродкаў для краінаў Еўропы і Азіі, інфармацыйных і маркіровачных металёвых таблічак і паказальнікаў», – заявілі ў МУС.

«Інтэрфакс» падае, што прадстаўнікі польскай фірмы азнаёміліся з вытворчай моцай 11-й і 14-й калоніяў, а таксама асартыментам прадукцыі, якую выпускаюць вязні.

«Кампанію Utal, вядомага экспарцёра нумарных знакаў і абсталявання для іх вытворчасці, мы бачым як дзелавога партнёра, і гатовыя да ўзаемавыгаднай супрацы. Развіццё кааперацыі паміж прадпрыемствамі беларускай крымінальна-выканаўчай сістэмы і прадстаўнікамі камерцыйных структураў Польшчы дазволіць пашырыць лінейку прадукцыі, што дазволіць стварыць новыя працоўныя месцы і павялічыць занятасць асобаў, якія ўтрымліваюцца ў папраўчых установах Рэспублікі Беларусь», – падкрэсліў намеснік старшыні дэпартаменту выканання пакаранняў – начальнік упраўлення арганізацыі вытворчасці і працоўнага выкарыстання адмысловага кантынгенту Алег Лашчыноўскі.

У МУС адзначылі, што візіт польскай дэлегацыі быў адказам на чэрвеньскую паездку ў Польшчу прадстаўнікоў беларускай пенітэнцыярнай сістэмы.

ДД

Стужка навінаў