Беларус спрабаваў увезці ў Польшчу запчасткі для танкаў


Польскі мытнік з канфіскаваным абсталяваннем

Польскія мытнікі сканфіскавалі у кіроўцы з Беларусі генератары і рэгулятары напружання, якія выкарыстоўваюцца ў баявой гусенічнай тэхніцы.

Цікавасць мытнікаў на памежным пераходзе «Баброўнікі» выклікалі 10 прыстасаванняў, якія перавозіў у грузавіку 44-гадовы беларус.

«У выніку дэталёвага вывучэння высветлілася, што гэта абсталяванне, якое зʼяўляецца часткай узброеных баявых машынаў. Каб гандляваць ім, паводле закону аб гандлі з замежнымі краінамі таварамі, тэхналогіямі і паслугамі, што маюць стратэгічнае значэнне для бяспекі дзяржавы, як і для ўтрымання міжнароднага міру, патрэбны спецыяльны дазвол», – адзначаюць у прэс-службе Мытнай палаты ў Беластоку.

Кіроўца не меў такога дазволу, таму абсталяванне затрымалі.

Распачатае следства, якое пад кантролем Акруговай пракуратуры ў Беластоку праводзіць Аддзел Агенцтва ўнутранай бяспекі ў Беластоку.

За гандаль таварамі, што маюць стратэгічнае значэнне для бяспекі дзяржавы, а таксама для захавання міру ў свеце, пагражае пазбаўленне волі на тэрмін да 10 год.

Чытайце таксама >>> Беларускія кантрабандысты хацелі правезці ў Польшчу 50 тысяч пачак цыгарэт

НМ, belsat.eu

Стужка навінаў