Польскія «Леапарды» будуць дыслакавацца бліжэй да Беларусі


Міністэрства нацыянальнай абароны Польшчы вырашыла перакінуць два батальёны, якія ўзброеныя найноўшымі танкамі Leopard 2A5, для ўзмацнення войск каля ўсходняй мяжы, піша аўтарытэтнае выданне janes.com.

Танкі са складу 34-й бранякавалерыйскай брыгады імя вялікага кароннага гетмана Яна Замойскага адпраўляюцца да 1-й бранятанкавай брыгады імя Тадэвуша Касцюшкі. У танкавы батальён польскай арміі ўваходзяць 58 машын. Размова ў выніку ідзе пра перамяшчэнне 116 самых сучасных танкаў на ўзбраенні Польшчы на ўсход – гэта прыкладна палова ўсіх польскіх «леапардаў».

Такім чынам, каля 100 «Лепардаў» патрапяць з Жагані на захадзе Польшчы ва ўсходнія наваколлі Варшавы – баявыя машыны будуць перакінуты больш чым на 400 кіламетраў на ўсход.

Leopard 2 – танк нямецкай вытворчасці, якім Польшча замяняе савецкія машыны на базе Т-72. Мадыфікацыя А5 была распрацаваная ў канцы 1990-х гадоў і мае ўзмоцненае браніраванне, абноўленыя прылады назірання, цалкам электрычны механізм павароту вежы. Механізм лафета пушкі абноўлены для магчымага ўсталявання новай, больш доўгай, рулі і выкарыстанне больш магутных боепрыпасаў.

Як паведаміў начальнік Генеральнага штабу польскай арміі генерал-лейтэнант Лешэк Сураўскі, чакаецца, што перамяшчэнне сотні танкаў і падрыхтоўка да набыцця баявой гатовасці на новым месцы зойме каля году.



Танк PT-91 Twardy ў горадзе падчас параду. Фота wikipedia.org

Адначасова польскія танкі PT-91 Twardy (мадэрнізаваныя ў 1990-я гады танкі Т-72) са складу 1-й бранятанкавай брыгады будуць адпраўленыя таксама на ўсходнюю мяжу краіны – да гораду Гіжыцку, які знаходзіцца недалёка ад расейскага Калінінграду. Тут стаіць 15-я механізаваная брыгада імя Завішы Чорнага. А састарэлыя танкі Т-72М1 савецкай вытворчасці будуць перамешчаныя на захад – да 34-й брыгады.

«Праз перадыслакацыю двух батальёнаў да 1-й брыгады мы ўтвараем у 16-й механізаванай дывізіі (у якую ўваходзіць 1-я ТБр) моцную танкавую брыгаду, якая неабходная на ўсходнім беразе Віслы. У сваю чаргу перакідванне танкаў РТ-91 Twardy да Гіжыцку значна палепшыць баявыя здольнасці 15-й механізаванай брыгады», – сказаў генерал Сураўскі ў інтэрвʼю армейскаму часопісу Polska Zbrojna.

Раней Томаш Шаткоўскі, дзяржаўны падсакратар у Мінабароны Польшчы, таксама адзначыў сувязь перадыслакацыі самых магутных баявых машын польскай арміі з вонкавапалітычнай сітуацыяй.

«Рашэнне пра перанясенне часткі сіл 34-й бранякавалерыйскай брыгады з Жагані да 1-й бранякавалерыйскай брыгады ў Вэсолай (усходні прыгарад Варшавы) было прынята на грунце рацыянальных прычынаў, якія вынікаюць у тым ліку з новай сітуацыі ў сферы бяспекі, якая выклікана канфліктам ва Украіне, а таксама недастатковасцю абароннага патэнцыялу ва ўсходняй частцы Польшчы»,сказаў урадовец.



Генерал-лейтэнант польскай арміі Лешэк Сураўскі.

Польшча ўжо шмат год паступова замяняе танкі, якія заснаваныя на савецкіх распрацоўках (такіх як Т-72) на нямецкія Leopard 2, цалкам інтэгруючы сувязь, лагістычнае забеспячэнне і ўзбраенне магутных баявых машын з партнёрамі на НАТО. Зараз Варшава мае каля 250 танкаў Leopard 2А4 і Leopard 2А5, больш за 200 танкаў PT-91 Twardy і каля 500 састарэлых Т-72.

Танкі нямецкай вытворчасці плануецца і далей купляць для падвышэння магутнасці польскіх танкавых войск, аднак бундэсвер ужо не мае запасаў, якія б дазвалялі прадаваць «лішнія» машыны, таму польскія вайскоўцы шукаюць варыянты, дзе купіць новыя ці не надта старыя «леапарды» за адносна невялікі кошт.

У той жа час Польшча не выключае магчымасці распрацаваць танк уласна польскай канструкцыі, што б дало магчымасць быць больш незалежнымі на рынку зброі і даць дадатковы штуршок для развіцця польскай цяжкай прамысловасці.

«Грошы на гэта запланаваныя», – сказаў генерал-лейтэнант Сураўскі.

Аляксандр Гелагаеў, belsat.eu

Стужка навінаў