Польскія дыпламаты папярэджваюць пра беларускіх аферыстаў


Амбасада Польшчы ў Беларусі непакоіцца існаваннем у сеціве візавых аферыстаў. Першыя крокі польскіх дыпламатаў у барацьбе з імі прынеслі плён.

Сёння дыпламатычнае прадстаўніцтва Польшчы паведаміла пра тое, што не мае ніякага дачынення да сайту e-konsulat.by, які візуальна імітуе афіцыйную старонку рэгістрацыі візавых анкет e-konsulat.gov.pl. Консульства дадала, што не нясе ніякай адказнасці за магчымыя наступствы рэгістрацыі дадзеных на гэтай сумнеўнай пляцоўцы.

Журналісты «TUT.by» звязаліся са стваральнікамі старонкі e-konsulat.by. Тыя сказалі, што адмыслова зарэгістравалі гэтае даменнае імя, але колькасць кліентаў у іх невялікая, і ніхто пакуль не скардзіўся.

Таксама ілжэ-консулы заявілі, што маюць намер спыніць дзейнасць старонкі праз два тыдні. Але планы прадпрымальнікаў змяніліся або былі разбураныя беларускімі ўладамі.

Відаць, у справу ўмяшалася беларускае МЗС, якое польскія дыпламаты таксама праінфармавалі пра сітуацыю з фальшывым сайтам. Ужо ўвечары 3-га лістапада названая старонка не працавала.

ДД, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары