Польскія дэпутаты і беларускія апазіцыянеры зладзілі кансультацыі ў Варшаве


Сустрэча ў польскі парламенце папярэдзіла іншую важную для Беларусі палітычную падзею – саміт «Усходняга партнёрства», які пройдзе другой палове траўня ў Рызе.

«Польскі бок хоча мець актуальную ацэнку сітуацыі ў Беларусі. Гэта дапаможа нам падчас дэбатаў у самых розных фарматах на саміце. Мы памятаем, што афіцыйны Менск усцяж не выканаў патрабаванняў вызваліць палітвязняў ды правесці дэмакратычныя выбары. І пра гэта трэба казаць», – сказаў Робэрт Тышкевіч з камісіі замежных справаў польскага парламенту.

Тым больш што чарговыя прэзідэнцкія выбары ў Беларусі адбудуцца ўжо неўзабаве. У шэрагах жа апазіцыі ўжо сёння прызнаюцца…

На думку Паўла Севярынца, сітуацыя цяжкая: «ні адзінага кандыдата, ні адзінай стратэгіі няма. Частка апазіцыі пойдзе на гэтак званыя выбары (хоць я лічу, што нельга прымаць удзел у тым чаго няма), іншыя выкарыстаюць выбарчую кампанію для таго, каб умацавацца».

Аднак умацавацца будзе нялёгка. Прадстаўнікі апазіцыі не сумняюцца, што рыхтаванне і сама выбарчая кампанія, як і звычайна, пройдзе ў атмасферы пераследу апанентаў Лукашэнкі. Аднак ціск на іншадумцаў у Беларусі цяпер можа і ўзмацніцца ў звязку з леташнімі падзеямі на кіеўскім Майдане.

У Варшаве сёння прагучалі і дакоры. Некаторыя прадстаўнікі беларускай апазіцыі заявілі, што Еўразвяз вядзе надта лагодную палітыку ў дачыненні афіцыйнага Менску. Маўляў, назіраецца тэндэнцыя дамаўляцца з афіцыйнымі ўладамі Беларусі ды нават фінансуюцца некаторыя праекты.

«Еўразвяз цяпер у вельмі добрай сітуацыі. Рэжым патрабуе грошай. Аднак Еўразвяз чамусьці не высоўвае патрабаванняў. Трэба выстаўляць умовы і не даваць ніякіх грошай на падтрымку рэжыму», – падкрэслівае Андрэй Саннікаў, былы каныдат на прэзідэнта.

Канчатковыя вынікі сустрэчы ў Варшаве могуць стаць відавочныя на бліжэйшым саміце ў Рызе. Акрамя сабрАнай сёння інфармацыі з польскага боку прагучалі і дэкларацыі.

Прэзідэнцкія выбары ў Беларусі адбудуцца ўжо праз некалькі месяцаў. Імаверная дата – пятнаццатага лістапада.

Ян Бабіцкі, belsat.eu

Стужка навінаў