«Тшэпу пшэпу не тшэбу». Як вывучыць польскую мову праз тэлевізар


Болека і Лёлека разумеюць нават пачаткоўцы.

«Вывучаць». Гэтак міністр замежных справаў Польшчы Вітальд Вашчыкоўскі адказаў на заўвагу польскага журналіста пра тое, што беларусы не ведаюць польскай і не гатовыя глядзець каналы TVP Polonia і TVP Kultura, на допуск якіх у беларускія кабельныя сеткі разлічвае польскае МЗС. Перакладчыкі і настаўнікі польскай распавядаюць, ці можна вывучыць мову, гледзячы тэлевізар.

Таццяна Жалезнякова, тэхнічны перакладчык з польскай і ангельскай

Важна, якія праграмы там будуць ісці, але ў адукацыйным плане глядзець тэлебачанне – вельмі карысна: чалавек адразу занураецца ў асяроддзе. Гэта можна параўнаць з кіданнем у ваду тых, хто не ўмее плаваць: выплываеш, бо няма іншага выйсця.

У выпадку з тэлебачаннем варыянту іншага, чымся пачаць штосьці разумець, у чалавека, а дакладней у ягоных нейронаў, няма. Ты пачынаеш разумець на аўтамаце – але толькі ў выпадку, калі глядзець праграмы некалькі гадзінаў у дзень – тры-чатыры, нон-стоп або з перапынкамі.

Каб не згубіць цікаўнасць да праграмаў на сур’ёзныя тэмы, трэба дазволіць сабе не думаць, не абдумваць словы, не шукаць аналагі ў расейскай. Будзе незразумела, але праз паўгадзіны чалавек, які наагул не ўрубаецца, пачне разумець агульныя камунікацыйныя патэрны, інтанацыйна адрозніваць сцвярджальныя і пытальныя сказы, разумець – ці гэта адказ на папярэдні сказ ці на сказ, які быў пяць хвілінаў таму.

На самым пачатку глядач не будзе разумець нічога апроч словаў, якія падобна гучаць у беларускай мове, і тут важна, як не згубіць цікаўнасць да праграмы. Магчыма, можна будзе пераключыцца на штосьці больш лёгкае, але калі варыянтаў не будзе, і ўсе праграмы будуць сур’ёзныя – варта проста адпусціць сітуацыю: глядзець карцінку і ні пра што не думаць.

Мозг усё роўна пачне гэтую інфармацыю апрацоўваць.

Польскія каналы я б глядзела сама, бо і так гляджу англа- і польскамоўныя серыялы і фільмы.

У 90-я ў Берасці я ўжо глядзела польскую тэлевізію – фільмы і мульцікі. Я мала чаго разумела, але канву сюжэту магла ўлавіць. Палову дакладна – здагадваючыся ды будуючы лагічныя сувязі.

Я выбірала польскія каналы проста таму, што мульцікі там ішлі ў зручны час, а не так, як на расейскіх або беларускіх – увечары або ў выходныя, па паўгадзіны.

Імаверна, праз маю схільнасць да моваў у тых мульціках мяне заварожвала сама мова. І потым, як усе дзеці, я пачынала мроіць як я на ёй размаўляю: «Пшэбу пшэпу шэпу, тшэпу пшэпу не тшэбу» – такае вось у мяне было ў галаве, і мне было прыкольна ўсведамляць, што я такая крутая, такая маленькая і ведаю нейкую іншую незразумелую мову.

Мае бацькі глядзелі, напрыклад, польскія навіны – там былі альтэрнатыўныя пункты гледжання. У маім узросце бацькі – багі, і калі яны выбіраюць гэта, то значыць, на гэтым аўтаматычна ёсць знак якасці. Таму мне было прыемна быць далучанай да тагачаснага польскага медыяасяроддзя.

Сяргей Прылуцкі, перакладчык з ангельскай, польскай і украінскай

У дзяцінстве я глядзеў польскае тэлебачанне, бо толькі там ішлі нармальныя мульцікі – такіх больш нідзе не было. Потым уцягнуўся: бацька глядзеў футбол – я таксама пачаў глядзець. І калі ў рукі патрапіла ўжо польская кніжка, вялікіх праблемаў з ёй не было.

Лічу, што чым больш замежных каналаў будзе ісці ў Беларусі – тым лепш. Яшчэ б пару ўкраінскіх запусціць – думаю, было б добра.

Мяркую, праблема не ў тым, што палякі запускаюць свой канал у Беларусі, а ў тым, што ў нас практычна няма свайго незалежнага канала.

У 90-я ў нас транслявалі тры або чатыры польскія каналы, у культурным плане яны былі вельмі добрыя: там ішлі тэатральныя пастаноўкі, фільмы, культурніцкія праграмы.

Тым, хто пачынае вывучаць польскую, можна даць параду паболей слухаць мову – напрыклад, у фільмах, гледзячы іх з субцітрамі – польскімі або беларускімі, – гэта, наагул, традыцыйная методыка для тых, хто слаба ведае мову.

Цяпер я жыву ўва Украіне, і людзі тут усё, што ім трэба, глядзяць праз інтэрнэт. Тэлевізар – толькі тыя, хто да яго моцна прывязаны, тыя, хто шукае ў кабельных сетках нейкія адмысловыя праграмы (напрыклад, ад National Geographic) або старэйшыя асобы з невялікіх мястэчак, у якіх няма інтэрнэту.

У мяне, напрыклад, няма тэлевізара.

Францішак Корзун, перакладчык з польскай, ангельскай і нямецкай

Не ведаю ці можна зразумець польскую мову са слыху, асабліва калі чалавек ведае са славянскіх моваў толькі расейскую. Такія людзі, з майго досведу, іншыя славянскія мовы не разумеюць.

Вывучаць польскую мову я пачынаў з друкаваных тэкстаў, і толькі потым прыйшоў да разумення яе на слых.

У мяне ёсць вялікія сумневы, што проста гледзячы праграмы на польскай мове і не чытаючы нічога па-польску, можна гэтак проста ўсё зразумець. Існуе такая думка, што для беларуса польская мова не складаная, але гэта ілюзія.

Тыя, хто цікавіцца польскімі пытаннямі, жыццём у Польшчы і Еўропе – яны цікавяцца гэтым і без тэлевізіі. Што тычацца іншых – не думаю, што запуск польскай тэлевізіі да чагосьці прывядзе. У савецкія часы магчымасць для гарадзенцаў глядзець польскі канал была вакном у свет у зачыненай краіне. Сёння мы жывем не ў зачыненай краіне, вакон у свет не бракуе, і не думаю, што польскія каналы прынясуць штосьці важнае.

Анна, настаўніца польскай мовы ў Беларусі, носьбіт мовы

Каб вывучыць польскую, трэба вучыць мову гэтак як кожную іншую: трэба пазнаёміцца з асновамі, базай і граматыкай. Толькі тады мы можам глядзець тэлевізійныя праграмы, слухаць радыё – гэта толькі дадатковыя элементы адукацыі, карыстацца якімі мы можам калі ўжо ведаем мову.

З майго досведу рэпетытара і настаўніка польскай мовы ў Беларусі, а таксама носьбіта мовы, не магу ўявіць, каб можна было вывучыць польскую мову праз тэлевізію – яна можа быць толькі дапаможным сродкам.

Сваіх студэнтаў я заахвочваю да карыстання з радыё і тэлевізіі, пошуку кантакту з мовай штодня, бо адныя курсы – гэта замала.

Запісаў Дзяніс Дзюба

Глядзі таксама
Каментары