Польскі валанцёр: Беларусы ваююць за свабоду Украіны, каб пазней ім дапамаглі ўкраінцы


Валанцёр польскага фонду «Адкрыты дыялог» Томаш Мацейчук распавёў «Белсату», што спаткаў на Данбасе добраахвотнікаў з Беларусі.

«Яны (добраахвотнікі з Беларусі) кажуць, што ваююць за свабоду Украіны, каб пазней украінцы дапамаглі ім вызваляць сваю краіну, але не праз вайну, а палітычна», – заўважыў валанцёр.

Інтэрв’ю з Томашам Мацейчуком пачынаецца з хвіліны 4:38. Сюжэт праграмы «ПраСвет», якая выходзіць на «Белсаце» штопятніцу а 21.50. Праграму можна глядзець у онлайн-трансляцыі на нашым сайце, а пасля эфіру – у нашым архіве.

На Данбасе, куды маладзён прывёз дабрачынную дапамогу, ён не бачыў ні амерыканскіх танкістаў, ні польскіх наймітаў. «Ва ўкраінцаў цяпер проста няма грошай, каб заплаціць такім наймітам. Калі б грошы былі, то можна было б падумаць, каб заплаціць за абарону сваёй краіны. Але ва Украіны ёсць свае жаўнеры. Навошта байцы з іншых краінаў. Украінцы самі ідуць ваяваць без ніякіх грошай. Яны не хочуць грошай ад дзяржавы, але хочуць абараняць сваю краіну», – сказаў хлопец.

А што казаць пра «кадыраўцаў» і людзей з Казахстану, якія прыязджаюць ваяваць на баку сепаратыстаў за грошы, звярнуў увагу маладзён.

«Я хачу, каб Украіна перамагла ў гэтай вайне. Гэтая вайна трывае супраць тэрарызму, расейскага тэрарызму. Я баюся, калі, да прыкладу, Беларусь захоча трансфармацыі з аўтарытарнай, постсавецкай краіны ў еўрапейскую дзяржаву, таксама можа адбыцца вайна. Мы павінны дапамагаць адно аднаму, каб і Украіна, і Беларусь, і Польшча жылі разам у Еўропе», – заўважыў валанцёр.

МЯ, belsat.eu

Стужка навінаў