Польскі святар-культурыст папрасіў прабачэння ў вернікаў за ўдзел у чэмпіянаце


Пастар Артур Капронь з Ніжняй Сілезіі звычайна носіць расу, але некалькі разоў на тыдзень мяняе яе на спартовы касцюм і ходзіць у трэнажорны зал. Гэта, бадай, адзіны польскі святар культурыст.

На нядаўнім чэмпіянаце польскіх юніёраў і майстроў па бодыбілдынгу і фітнесу ён заняў чацвёртае месца. Навіна хутка абляцела СМІ і інтэрнэт. За фатаграфіі з конкурсу ён атрымаў вымову ад біскупа, пасля чаго звярнуўся да вернікаў і папрасіў прабачэння за «скандал».

Як распавёў Артур Капронь радыё «Вроцлаў», «вымова дала магчымасць задумацца аб сваіх паводзінах».

«Я стараюся дапамагаць людзям і ў матэрыі духу, і ў матэрыі цела», – дадаў ён.

У пастара ёсць старонка на Facebook. Аднак запісы пра чэмпіянат ён выдаліў.

Артур Капронь пачаў хадзіць у трэнажорны зала ў 16 гадоў. Цяпер яму 42 гады. Калегі са спартзалу называюць яго «Падрэ Артуро».

ДР belsat.eu

 

 

 

Стужка навінаў