Алесь Бяляцкі: сістэма, што абапіраецца на прымус і гвалт, не мае будучыні


Беларускі праваабаронца атрымаў узнагароду імя Паўла Владковіца ад польскага амбудсмена. «Гэтая ўзнагарода – не толькі мая персанальная, гэта – сігнал салідарнасці для ўсіх беларусаў, што бачаць Беларусь свабоднаю і дэмакратычнаю краінаю», – сказаў Алесь Бяляцкі.

Беларусь – гэта не Лукашэнка

Узнагароду ўручыла амбудсмен Ірэна Ліповіч. Яна падкрэсліла, што рашэнне ўзнагародзіць менавіта Алеся Бяляцкага арганізатары прынялі адзінагалосна.

На цырымоніі выступіў дэпутат польскага парламенту, старшыня Камісіі замежных справаў Сейму Робэрт Тышкевіч.

«Калі мы ўзгадваем Беларусь, то шмат у каго паўстае вобраз аднаго чалавека. Аляксандра Лукашэнкі – аўтарытарнага кіраўніка, што прыйшоў да ўлады 20 гадоў таму, які адказны за тое, што ў Беларусі парушаюцца правы чалавека, які наўпрост мае дачыненне да таго, што абмяжоўваюцца свабоды грамадзянаў у гэтай краіне. Я хацеў бы, каб паўставаў зусім іншы вобраз: вобраз, еўрапейскай краіны, вобраз годных і смелых людзей, якія змагаюцца з гэтым рэжымам. Людзей, якія маюць адвагу кінуць выклік рэжыму ды змагацца. Такіх людзей, як Алесь Бяляцкі», – сказаў палітык.

Алесь Бяляцкі падзякаваў за салідарнасць з беларусамі ды за рэальную дапамогу Польшчы. Паводле праваабаронцы, адзін з прыкладаў такой дапамогі – падтрыманне Польшчаю беларускіх недзяржаўных арганізацыяў, а таксама незалежных медыяў, такіх, як «Радыё Рацыя» і «Белсат». «Гэта пляцоўкі, з дапамогаю якіх можна данесці праўду да беларусаў, медыяі, дзякуючы якім у Беларусі можна быць пачутым», – дадаў Алесь Бяляцкі.

На Беларусь не забыліся

У інтэрвю «Белсату» Алесь Бяляцкі заўважыў, што нягледзячы на вялікую ўвагу, якую дэмакратычныя краіны надаюць падзеям ва ўсходняй Украіне, сітуацыя ў Беларусі застаецца для іх важнаю. «гаворка ідзе пра пагаршэнне сітуацыі з правамі чалавека ва ўсім рэгіёне. Немагчыма радыкальна паправіць сітуацыю ў адной краіне, пры гэтым забыцца на іншыя ў тым самым рэгіёне», – падкрэсліў ён.

Алесь Бяляцкі нагадаў, што ў Беларусі дагэтуль за кратамі знаходзяцца 8 асобаў, якіх кінулі туды з палітычных матываў. А таму кампанія салідарнасці не можа быць скончаная.

Узнагароду імя Паўла Владковіца у Польшчы ўручаюць абаронцам за правы чалавека ад 2006 году. Упершыню лаўрэатам стаў не грамадзянін Польшчы. Узнагарода невыпадкова носіць імя Паўла Владковіца – каталіцкага святара, юрыста і навукоўца. Владковіц жыў у XV стагоддзі, аднак ужо тады заяўляў пра агульначалавечыя правы, такія як неадемнае права кожнага чалавека на жыццё. У тыя часы такія думкі грамадствам успрымаліся нават як абсурдныя. Менавіта таму ўзнагароду Владковіца ўручаюць «за абарону галоўных каштоўнасцяў і праўды, нават насуперак поглядам і меркаванням большасці. Менавіта таму ўзнагароду Владковіца ўручаюць за «абарону галоўных каштоўнасцяў і праўды, нават насуперак поглядам і меркаванням большасці».

Зміцер Ягораў, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары