Польскі міністр замежных справаў наведае Ваўкавыск, адкуль паходзіць яго маці


Вітальд Вашчыкоўскі. Фота wikipedia.org

Польскі міністр замежных справаў Вітальд Вашчыкоўскі падчас свайго візіту ў Беларусь, які адбудзецца 21-22 сакавіка, мае наведаць горад сваіх продкаў паводле матчынай лініі – Ваўкавыск.

«Маці міністра замежных справаў Польшчы Вітальда Вашчыкоўскага паходзіць з Ваўкавыску. Там жыла да вайны ейная сямʼя, а дзед міністра працаваў на пошце. Пасля вайны сямʼя была вымушаная выехаць у Пётркаў-Трыбунальскі. Падчас свайго візіту ў Беларусь 21-22 сакавіка кіраўнік польскай дыпламатыі наведае горад сваіх продкаў. Інфармацыяй пра гэта палітык пачаў сваё спатканне з прадстаўнікамі беларускіх эміграцыйных арганізацыяў», – напісаў у сваім акаўнце ў «Фэйсбуку» рэдактар «Белсату» Сяргей Пеляса.

Глядзіце яшчэ >>> Польшча прызначыла новага пасла ў Беларусі

У канцы лютага Вітальд Вашчыкоўскі заявіў, што хоча прыехаць у Беларусь на аўце, наведаць Менск і «месцы, дзе жывуць палякі».

«Я лічу, што Беларусь зʼяўляецца нашым суседам, з якім трэба нармалізаваць стасункі, якія дагэтуль, можа, не напружаныя, але неадрэгуляваныя і нестабільныя», – заявіў кіраўнік польскага МЗС.

Ён дадаў, што хоча наведаць у Беларусі родны горад сваёй маці, але дакладна не было вядома, якое месца маецца на ўвазе. Пра канкрэтную дату візіту міністр таксама першапачаткова не паведаміў.

Максім Ярашэвіч, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары