Польскі міністр: Нямеччына і Францыя – найбольш «русафільскія» краіны ў Еўразвязе


Французскае міністэрства сельскай гаспадаркі анансуе адмену эмбарга супраць Расеі, а Польшча абураецца і кажа пра «парушэнне еўрапейскай салідарнасці».

Польшча не пагаджаецца з тым, каб Еўракамісія дазволіла краінам Еўразвязу праводзіць двухбаковыя перамовы з Расеяй наконт паслаблення харчовага эмбарга і парушэння прынцыпу салідарнасці. Пра гэта сёння ў Бруселі заявіў польскі міністр сельскай гаспадаркі Марэк Савіцкі.

«Калі мусім прадаваць Расеі прадукты – а я за гэта і выступаю – то, вядома, усе разам. У той жа час калі Еўрапейская Камісія будзе дазваляць дзяржавам двухбаковыя стасункі і аднабаковыя размовы толькі для таго, каб канчаткова парушыць еўрапейскую салідарнасць у справе эканамічных санкцыяў, то я не пагаджаюся», – адзначыў Савіцкі.

Па словах міністра, у Еўрапейскую камісію ўжо накіраваная адмысловая заява з просьбай патлумачыць пазіцыю ведамства ў справе расейскага эмбарга.

Марэк Савіцкі назваў Нямеччыну і Францыю найбольш «русафільнымі краінамі» у ЕЗ, якія «у мінулым не хацелі ўводзіць эканамічных санкцыяў супраць Расеі».

Збянтэжанасць узнікла пасля паведамлення французскага міністэрства сельскай гаспадаркі тыдзень таму пра дамоўленасць з Расеяй аб узнаўленні экспарту свініны і свіных субпрадуктаў.

НМ, belsat.eu, паводле PAP

Стужка навінаў