Польскі генерал: Рэальная вайна паміж Расеяй і Захадам можа пачацца выпадкова


Калі распачнецца рэальная вайна паміж Расеяй і Захадам, расейскія войскі дакладна выкарыстаюць беларускую тэрыторыю, упэўнены польскі прафесар і генерал, былым віцэ-міністрам абароны Польшчы Станіслаў Козей.

«Я лічу, што мы сапраўды на краі Халоднай вайны. Я называю яе новай гібрыднай Халоднай вайною, бо яна непадобная да той класічнай вайны, у якой вялося пра вялікую канфрантацыю паміж двума глабальнымі полюсамі. Цяпер ідзе гаворка пра канфрантацыю паміж Расеяй і Захадам на вельмі абмежаванай прасторы. На першай лініі гэтай канфрантацыі знаходзіцца інфармацыйная, прапагандысцкая вайна, узаемная хлусня, дэзынфармацыя, уздзеянне на грамадскую думку, гэта розныя вайсковыя правакацыі на памежжы дзвюх структураў – НАТО і Расеі, гэта ўрэшце рэальныя войны ва Украіне або на Блізкім Усходзе. Такога тыпу гібрыдная Халодная вайна працягваецца ўжо даўно», – заўважыў польскі генерал.

Паводле спадара Козея, існуе рызыка рэальнай гарачай вайны. «Я маю на думцы вайну ў абмежаваным маштабе. Канешне, вайна вялікага маштабу паміж Расеяй і Захадам нерэальная. Гэта мусіць быць прынятае рашэнне цалкам бессэнсоўнае. Цяжка гэта ўявіць нават. Хаця яна можа пачацца выпадкова. Больш рэальная аднак вайна невялікага памеру, такая, якая цяпер адбываецца ва Украіне, не непасрэдная вайна паміж супер-дзяржавамі, але вайна паміж іх саюзнікамі. Асабліва краіны Балтыі знаходзяцца пад пагрозай дыверсіяў. Асабліва небяспечная расейская дактрына ядравай дээскалацыі пад прыкрыццём выкарыстання тактычнай ядравай зброі. Пад гэтым прыкрыццём Расея можа прабаваць нейкія ваенныя дыверсіі ў краінах Балтыі», – адзначыў спадар Козей.

У выпадку канфлікту паміж Расеяй і Захадам, тэрыторыя Беларусі будзе дакладна выкарыстаная расейскімі войскамі, перакананы былы намеснік міністра абароны Польшчы.

«Ацэньваючы накірункі магчымых пагрозаў, мы ўлічваем Калінінградскую вобласць і беларускі кірунак, адкуль таксама, на жаль, можа адбыцца інтэрвенцыя ў выпадку канфлікту», – падкрэсліў генерал.

Больш – у відэаматэрыяле праграмы «ПраСвет», якая выходзіць на «Белсаце» ў пятніцы а 21:40. Іншыя тэмы апошняга выдання «ПраСвету»: пакатушкі і абяцанкі: дзе азіяцкія мільярды Лукашэнкі; Польшча: як жанчыны адстаялі свае правы; размова з правай рукой Аляксея Навальнага – Уладзімірам Ашуркавым, дырэктарам Фонду па барацьбе з карупцыяй ды іншае.

МЯ, belsat.eu. Фота bllitz.info

Стужка навінаў