Польскі генерал: Нам патрэбная моцная Беларусь з моцнай арміяй


Амерыканская база ў Польшчы не супраць Беларусі а Пуцін успрымае нашую краіну як уласную тэрыторыю. Так заявіў «Белсату» Роман Полька – адзін з самых аўтарытэтных польскіх вайскоўцаў, экс-камандзір элітарнага фармавання «Grom» і ў мінулым намеснік дырэктара Бюро нацыянальнай бяспекі. У інтэрв’ю Сяргею Пелясе генерал дывізіі ў адстаўцы расказаў, чаму хоча бачыць беларускіх вайскоўцаў у будучым форце Трампа ў Польшчы.

Спадару генерал, наколькі рэальная на гэты момант перспектыва стварэння амерыканскай вайсковай базы на тэрыторыі Польшчы?

Я думаю, што рэальная, і гэта першы адказ на гэтае пытанне. Я лічу, што база будзе так ці інакш. Яна патрэбная не толькі амерыканскім жаўнерам, патэнцыйна, калі яны будуць нашымі гасцьмі. Але такая сучасная інфраструктура патрэбная, каб саюзныя сілы, нашыя жаўнеры маглі вучыцца сапраўды на ўзроўні 21 стагоддзя. У высакакласных навучальных цэнтрах, а не марнаваць час на паездкі ці бадзянне па аб’ектах, якія не адпавядаюць гэтым стандартам.

Якая можа быць патэнцыйная лакалізацыя гэтай базы? А, можа, гэта будзе не адная база, а некалькі базаў, як прапаноўваюць некаторыя. Каб раскінуць іх па ўсёй тэрыторыі. Каб для расейцаў не было адной мэты.

Сапраўды найцяжэй нешта распачаць. Цягам некалькіх гадоў я пераконваю, што трэба стварыць некалькі базаў. І тут нават гаворка не пра канкрэтнае дзеянне супраць Расеі ці абарончыя дзеянні. Але, па-першае, – эфектыўная навучальная база, бо малыя гарнізоны гэтага не маюць. Таксама магчымасць будаваць інфраструктуру на патрэбу часоў, у якіх мы жывем. Таксама інфраструктура, якая рыхтуе нас да змагання ў кіберпрасторы. І, вядома, пры нагодзе, перадыслакацыя нашых частак. Аказваецца, што ўсе ключавыя часткі дыслакаваныя так, як бы нас маглі атакаваць немцы, якія – удзельнікі НАТО.

Тое, што робіць Пуцін. Тое, што ён успрымае Беларусь як уласную тэрыторыю. Праводзіць вучэнні тыпу «Захад» з удзелам сотняў тысячаў жаўнераў. Гэта першы, найважнейшы сігнал, які паказвае, што гэтыя базы патрэбныя і ў хуткім часе іх трэба стварыць.

У Польшчы з’явіўся міжнародны батальён ці батальённая група НАТО. Так, як і ў трох балтыйскіх краінах. Навошта яшчэ амерыканская база. Можа, не трэба дражніць Пуціна цэлаю амерыканскаю дывізіяй, як кажуць, а дастаткова гэтых батальёнаў і таго, што Польшча ўзмацняецца ўласнымі сіламі.

Генерал Роман Полька і прэзідэнта Польшчы Лех Качыньскі, 2005 г. Adam Chelstowski / FORUM

Нябожчык прэзідэнт Лех Качыньскі асцерагаў нас тады, калі ў Польшчы будавалі такую стратэгію, у якой пісалі, што, маўляў, нічога нам не пагражае, што гэта канец гісторыі, прыйшлі мірныя часы. Пазней аказалася, што Расея атакавала Грузію, і прэзідэнт казаў, што наступная будзе Украіна. Усе, вядома, круцілі пальцамі каля скроняў. Аказалася, што Крым належаў Украіне і Расея падпісала адпаведныя дамовы. Але яны атакавалі Крым і Данбас. Беларусь, падчас манеўраў, яны ўспрымаюць як залежную дзяржаву, не незалежную, самастойную. Гэта ўсё тыя чыннікі, якія загадваюць нам баяцца. Таму мы будуем Войскі тэрытарыяльнай абароны і ўзмацняем нашыя саюзніцкія здольнасці. Такія краіны, як Польшча, Літва, Латвія, Эстонія – нашыя суседзі, не ў стане самастойна абараніцца перад такім мядзведзем, як Расея. А Расея ў сітуацыі, калі мы нічога не робім, пачуваецца яшчэ больш разняволена і намагаецца пашырыць тэрыторыю, якую хацела б мець пад сваім кантролем.

Спадару генерал, калі размаўляюць пра магчымую прысутнасць амерыканскіх войскаў у Польшчы, уздымаецца пытанне гэтак званага Акту NATO–Расея з 1997 года. Адныя сцвярджаюць, што размяшчэнне такой базы ці базаў парушыць гэтае пагадненне. Іншыя лічаць, што не, бо гэта база не натаўская, а амерыканская. Што вы лічыце на гэты конт?

Вядома, можна гуляцца ў розныя гульні словамі, але давайце паглядзім на тое, што адбываецца. Пуцін парушае ўсе міжнародныя дамовы. Замест палітыкі, якая мае прывесці да міру, увесь час агрэсія ў дачыненні да суседзяў, увесь час парушае межы. У такой сітуацыі цяжка паводзіць сябе як шляхетны рыцар і ўступаць поле, калі другі бок парушае ўсе пагадненні. Мяне не цікавіць, як інтэрпрэтаваць гэтыя пагадненні, але сітуацыя, што існуе, патрабуе іх спраўдзіць і змяніць. Неабходна перадусім, каб такія краіны, як Літва, Латвія, Эстонія, Польшча не былі чальцамі NATO другой катэгорыі. У адваротным выпадку такі звяз не патрэбны, бо ён не запэўнівае абаронных здольнасцяў на сваім усходнім флангу.

Амаль адначасова з’явілася пытанне аднаўлення ці ўтварэння чацвертай польскай дывізіі. Ужо вядома афіцыйна, што яна з’явіцца на ўсходзе ад Віслы, каб прыкрыць беларускі кірунак. На вашую думку, чаму менавіта беларускі кірунак трэба цяпер засланіць Польшчы?

Натуральна, са стратэгічнага пункту гледжання Расея, якую аддзялялі бы такія дзяржавы, як незалежныя Беларусь і Украіна, нашмат меншая пагрозаю, і, напэўна, не было б патрэбы пабудовы тут сталых базаў. Але калі Расея расцэньвае Беларусь як уласную тэрыторыю і мае авіяносец у форме Калінінградскай вобласці. Насамрэч больш там нічога не можа зрабіць, але, аднак, можа нейкім чынам атакаваць нашую тэрыторыю. У такой сітуацыі няма іншага выхаду, як толькі перафармаваць і ствараць новыя дывізіі, якія будуць здольныя адбіць кінетычны ўдар на ўсходняй сцяне, бо там не стае сілаў. Чацвёртая, думаю, што таксама і пятая дывізія, калі Пуцін, вядома, надалей будзе развіваць свае магчымасці ў сферы вядзення сухапутных дзеянняў. Таксама трэба павялічваць свае магчымасці ў сферах кібербяспекі, постпраўды і рознага тыпу маніпуляцыяў інфармацыяй. Тыя галасы, якія з’яўляюцца, якія мы тут чуем у Польшчы ці ў Беларусі, але таксама і польскага генерала, які сказаў, што такія базы да ні для чаго не патрэбныя і будуць толькі дражніць мядзведзя. Такое выказванне з’явілася. Такія выказванні на руку спадару прэзідэнту Пуціну, які, відаць, цяпер цешыцца, што крамлёўская прапаганда мае поспех.

Роман Полька на былым польскім пастарунку ў Косава. 2007 г. Darek Golik / FORUM

Вы ўзгадалі пра пытанне кібербяспекі, постпраўды, інфармацыйнай бяспекі. Польшча падтрымлівае праекты, звязаныя з супрацьдзеяннем расейскай прапагандзе. Між іншымі, такі праект – гэта «Белсат». Ці гэтага хопіць, ці нешта яшчэ можна зрабіць у інфармацыйнай сферы, у медыях, дзеянні ў інтэрнэце, што магло б узмацніць і Польшчу, і яе ўсходніх суседзяў – Беларусь ды Украіну.

Падчас Эканамічнага форуму ў Крыніцы я разам з міжнароднымі экспертамі дыскутаваў пра гэты новы абшар вайны – кіберпрастору. Прагучала пытанне: «ОК, што Нямеччына, што Польшча, што Вугоршчына зрабілі ў гэтай справе?». Я зразумеў, што мы робім няшмат. Нямеччына плануе стварыць камандаванне. Польшча мае тэлеканал «Белсат», але ён не дзее ў гэтай сферы. Патрэбныя наступальныя дзеянні, каб гэтую інфармацыю, сваю нарацыю перадаваць. Трэба, каб жыхары, скажам, Беларусі мелі поўную карцінку сітуацыі. Як яна выглядае з аднаго і з другога пункту гледжання. Але ў першую чаргу, каб яны дасканала ведалі, што базы ў Польшчы, нават са сталаю польскаю прысутнасцю, дакладна не ствараюцца супраць Беларусі.

Бо я не памятаю ніводных вучэнняў, каб Беларусь, нават пры сённяшнім кіраўніцтве, планавала атаку на Польшчу. Але з боку Расеі адбываюцца такія манеўры, падчас якіх плануюць і сімулююць ядравую атаку. Там Беларусь – гэта дзяржава, пазбаўленая суверэнітэту, праз якую савецкія ці расейскія пройдуць такім чынам, як захочуць. Узброеныя сілы Беларусі для іх гэта як нашая колішняя Тэрытарыяльная абарона. У ПНР яе задачаю было забяспечыць марш расейскіх войскаў праз Польшчу ў выпадку развіцця агрэсіі на Захадзе.

Пытанне патэнцыйнай амерыканскай базы і, крыху менш, але таксама, пытанне 4-ай польскай дывізіі на ўсходзе ад Варшавы абудзіла ў Беларусі дыскусію. Ёсць розныя галасы. У асноўным два. Між іншым, на днях Мікалай Статкевіч, былы вайсковец, а цяпер адзін з лідараў апазіцыі сказаў, што база не ў беларускім інтарэсе, што яна можа справакаваць дзеянні Расеі супраць Беларусі. Іншы, вядомы аналітык Андрэй Паротнікаў заявіў, маўляў «не», гэта ў інтарэсе Беларусі. Што база адпужае Расею, знеахвоціць яе дзеяць супраць Польшчы і патэнцыйна супраць Беларусі. Статкевіч дадаў, што лепей, каб Польшча скіравала гэтыя 2 мільярды, відаць, гаворка ішла пра долары, бо размаўлялі ў Вашынгтоне, на стварэнне 4-ай дывізіі. Што б Вы адказалі падпалкоўніку Статкевічу на такую прапанову?

Сваім калегам, вайскоўцам, я хачу сказаць, што гэтая тэма пачала дыскусію пра бяспеку. Трэба пра гэта дыскутаваць. Погляды могуць быць розныя. А на этапе дыскусіі некаторыя рэчы высветляцца. Але галоўнае, што 2 мільярды патрэбныя на базу, але і 4-ая дывізія патрэбная. Гэта не так, што, маўляў, «збудуем адное, а другога не робім».

Гэта мае быць супольная, моцная сістэма. Гэтая база патрэбная не толькі амерыканцам. Яна нам патрэбная. У нас няма сучасных навучальных цэнтраў. Войскі недзе раскіданыя. І калі справа даходзіць да рэальных дзеянняў, то аказваецца, што цяжка гэта склеіць у адное цэлае. Насамрэч я б раіў і Беларусі збудаваць сваю цудоўную, сучасную базу, каб войскі маглі навучацца. Каб гэта не былі вучэнні напаказ, для медыяў, дзе некалькі тысячаў людзей бегае паводле дакладнага сцэнару. Толькі такія, дзе можам праводзіць манеўры вялікага маштабу. Глядзець, якія ў нас лагістычныя праблемы. Як гэта працуе. І каб забяспечыць сваю, уласную бяспеку.

Польшча хоча, у першую чаргу, самая адказваць за ўласную бяспеку. Нам сапраўды трэба, каб Беларусь была моцная дзяржава з моцнаю арміяй. Бо яна гарантуе ці павышае бяспеку Рэчы Паспалітай.

Расея цягам апошніх больш-менш пяці гадоў спрабуе пераканаць, націснуць на ўлады Беларусі, каб размясціць у Беларусі авіябазу. Сухапутнага авіяносца, які ёсць Калінінград. Гаворка была пра полк знішчальнікаў. Розныя лакалізацыі. Лукашэнку пакуль што ўдаецца абараніцца, нягледзячы на вялікую залежнасць, у тым ліку ў вайсковай сферы, ад Крамля. Што б Вы параілі, што трэба рабіць у такой складанай сітуацыі, у якой перабывае Беларусь, каб эфектыўна абараніцца ад спробаў уладаў Расеі размясціць вялікія сілы на тэрыторыі Беларусі.

Пуцін падманвае. Мы бачым гэта ўвесь час. Увядзенне «зялёных чалавечкаў» у Крым скончылася анексіяй Крыму. Данбас дэстабілізаваны, маўляў, гэта людзі з Данбасу робяць. Калі нават не спецыяльныя сілы, а Беларусь дазволіла б, каб на яе тэрыторыю ўвайшлі чужыя войскі, гэта была б акупацыя. Я не ведаю, ці Беларусь хоча, каб яе акупавалі. Думаю, што хоча быць незалежнаю краінай. І думаю, што гэта разумее нават сённяшні прэзідэнт, які разумее, што праз некалькі гадоў гэта можа скончыцца для Беларусі стратаю незалежнасці. Пытанне, ці Беларусь хоча быць незалежнаю і сама вырашаць пра сваё жыццё. Ці хоча вярнуцца да сістэмы з мінулага, калі яна была тэрыторыяй пад расейскім кантролем.

Хачу Вас папрасіць уявіць чорны сцэнар. Гэта крыху звязана з сімуляцыяй, якую прэзентавала «Defence24.pl» на выставе ў Кельцах. Паводле яе ў 2028 г. Расея з тэрыторыі Беларусі атакуе Польшчу. Польшча абараняецца, між іншым, сіламі ўжо навастворанай 4-ай дывізіі. Прапаноўваю ўявіць, што праз 10 гадоў ужо ёсць амерыканская база. Як бы магла выглядаць такая вайна, крый Божа, вядома, але прашу ўявіць. Як бы Вы апісалі такі сцэнар і чым бы скончыўся такі канфлікт?

Насамрэч, сцэнары вайны я апісваю ў сваёй кнізе «Бяспечна ўжо было». Гэты канфлікт не будзе кінетычны. Гэта будуць розныя «зялёныя чалавечкі», будаўнічыя катастрофы, нейкія аварыі, кагосьці адключаць ад электрычнасці. Знянацку хтосьці захопіць мабільную сувязь. Ён адбываецца ў цалкам іншай прасторы, чым Другая сусветная вайна. Варта пра гэта памятаць. Што не азначае, што канвенцыйнае сутыкненне не можа мець месца. Пасля такой атакі могуць увайсці рэгулярныя войскі. А таму гэтая 4-ая дывізія таксама патрэбная. Гледзячы на гэты чорны сцэнар, я хачу звярнуць увагу на адзін момант. Калі б расейскія войскі мусілі б прайсці праз Беларусь, то гэты чорны сцэнар зрэалізаваўся б раней, чым яго малююць. Бо гэта азначала б, што Беларусь страціла б сваю незалежнасць, калі б згубіла кантроль над уласнаю тэрыторыяй. А я не веру ў тое, што беларускае грамадства мае жаданне атакаваць Польшчу і здабываць тэрыторыю, каб атрымаць яе пад свой кантроль.

Усё ж беларусаў і палякаў аб’ядноўвае шмат стагоддзяў гісторыі лепшага ці горшага, але жыцця ў супольнай дзяржаве.

Літву таксама.

Але і Украіну.

Я мару пра тое, каб з’явілася гэтая сучасная база і каб беларускае войска прыязджала вучыцца разам з нашымі. Бо гэта тут галоўнае.

Сюжэт паказалі ў праграме «ПраСвет» з Сяргеем Пелясою:

Глядзіце таксама:

Hавiны
Форт Пуціна ў Беларусі супраць форту Трампа ў Польшчы
2018.09.29 11:00
Гарачы каментар
ЗША і Польшча – не пагражаюць нашай незалежнасці. Іншая справа Расея
2018.09.19 20:59
Стужка навінаў