Польскі эксперт: Улады Беларусі перад пагрозай з боку Расеі не пойдуць на саюз з апазіцыяй


Палітолаг Цэнтру ўсходніх даследаванняў (Варшава) Каміль Клысіньскі пракаментаваў канфлікт Менску з Масквой.

На думку госця праграмы «Прасвет» жаданне Беларусі павысіць тарыф на транзіт расейскай нафты можа азначаць тое, што «канфлікт паміж Менскам ды Масквой працягваецца».

Падчас размовы Каміль Клысіньскі выказаўся пра нядаўнюю крытыку ў бок Беларусі на расейскіх тэлеканалах:

«Я б раздзяліў пытанне на дзве плоскасці. Адна фармальная: кантакты афіцыйных Менску і Маскву, а таксама іхныя афіцыйныя пазіцыі. Тут шмат не змянілася: падтрымліваюцца тэзісы пра саюз, супрацу і гэтак далей. І ў апошняй нашумелай перадачы не зʼяўлялася крытыкі ў бок беларускіх уладаў, крытыкавалі незалежнае грамадства, розныя групы актывістаў, хутчэй за ўсё тых, хто мае нацыянальныя перакананні.

А ёсць другая плоскасць, дзе гавораць эксперты, журналісты ды грамадскія актывісты з двух краінаў. Тут мы заўважаем вялікія змены. У расейскіх экспертных колах, у тым ліку і дзяржаўных, нашмат пагоршыліся ацэнкі Беларусі: як і ўладаў краіны, так і дзеянняў розных грамадскіх групаў».

Таксама Каміль Клысіньскі закрануў і расейскую «мяккую сілу» у Беларусі:

«Афіцыйная пазіцыя Масквы не змянілася, але з іншага боку амаль усе прарасейскія арганізацыі ў Беларусі падтрымліваюцца так ці інакш расейскай дзяржавай. Гэта, перадусім, каб напалохаць Аляксандра Лукашэнку і паказаць яму – я зараз спрабую зразумець мысленне ў Маскве – маўляў, мы не лічым Лукашэнку адзіным гарантам Саюзу з Беларуссю, адзіным гарантам парадку і стабільнасці. У выпадку змены вонкавай палітыкі краіны ў бок Захаду ў нас ёсць арганізацыі, альтэрнатыўныя структуры, якія могуць паўплываць на ўнутраную сітуацыю ў Беларусі».

На пытанне ж, ці магчымы перад расейскай пагрозай саюз уладаў Беларусі з апазіцыяй і незалежным грамадствам, эксперт даў наступны адказ:

«Тэарэтычна – так, практычна – не. Таму што для іміджу беларускіх уладаў усялякія перамовы з апазіцыяй – прызнанне сваёй слабасці, якое азначае, што «мы не спраўляемся». Я не думаю, што Аляксандр Лукашэнка на гэта гатовы».

Больш – у відэа вышэй.

Прапануем вашай увазе апошняе выданне праграмы «Прасвет» цалкам:

Стужка навінаў