Польскі амбасадар пра адкрыццё помніка Касцюшку: спадзяюся, што гэта аб'яднае народы-нашчадкі Рэчы Паспалітай


Адкрыццё помніка Касцюшку ў Салятурне. 21 кастрычніка 2017 г.

У швейцарскім горадзе Салятурн прайшло адкрыццё помніка Тадэвушу Касцюшку.

Ва ўрачыстай цырымоніі ўзялі ўдзел прадстаўнікі беларускай дыяспары, з ініцыятывы якіх быў пастаўлены помнік, а таксама прадстаўнікі амбасадаў Беларусі, Польшчы ды Літвы ў Швейцарыі, гарадскія ўлады, прадстаўнікі польскай дыяспары.

Адкрыццё помніка Касцюшку ў Салятурне. 21 кастрычніка 2017 г.

Ліста амбасадара Польшчы ў Швейцарыі Якуба Кумаха на адкрыцці помніка па-беларуску зачытаў польскі віцэ-консул:

Шаноўнае спадарства! Дарагія прадстаўнікі беларускай і польскай дыяспараў!

Шчыра віншую вас з сённяшняй урачыстасцю! На жаль, службовыя абавязкі не далі мне магчымасці прыняць у ёй удзел, пра што я шкадую.

Польшча з вялікай сімпатыяй ставіцца да вяртання Тадэвуша Касцюшкі ў пантэон нацыянальных герояў Беларусі. Касцюшка – гэта змагар за правы народаў, народжаны на тэрыторыі сённяшняй Рэспублікі Беларусь, вялікі патрыёт Польшчы, Літвы, Злучаных Штатаў. Ён зʼяўляецца героем усіх народаў, якія любяць свабоду і незалежнасць. Для нас, палякаў, беларусаў, літоўцаў, украінцаў, латышоў – нашчадкаў вялікай Рэчы Паспалітай Абоіх Народаў, ён сімвалізуе барацьбу за права вызначаць уласны лёс, за права быць Еўрапейцамі.

Як пісаў лорд Байран, Касцюшка – гэта імя, ад якога дрыжаць тыраны. Няхай у будучым памятае гэтае імя кожны тыран, які б хацеў паставіць пад сумнеў незалежнасць і суверэнітэт любой з нашых краінаў!

Дзякую вам за падораны гораду Салятурн помнік! Я рады, што вы дасягнулі паразумення з горадам.

Хацеў бы таксама выказаць спадзеў, што гэты помнік будзе ў будучыні абʼядноўваць палякаў, беларусаў і іншыя народы-нашчадкі Рэчы Паспалітай.


Працу над стварэннем помніка Тадэвушу Касцюшку ў горадзе Салятурн, дзе ён пахаваны, Асацыяцыя беларусаў Швейцарыі пачала амаль год таму. Вакол адкрыцця помніка разгарэўся міжнародны скандал, які давялося залагоджваць дыпламатам высокага рангу.

belsat.eu

Стужка навінаў