Польская пракуратура адказала «Белсату» па справе Фядыніча і Комліка


У афіцыйным адказе Генпракуратура Польшчы інфармуе, што не перадавала беларускаму боку інфармацыю пра магчымыя банкаўскія рахункі Генадзя Фядыніча ды Ігара Комліка.

«У адказ на запыт, які датычыць Генадзя Фядыніча ды Ігара Комліка інфармуем, што ў Бюро міжнароднай супрацы Генеральнай Пракуратуры не зарэгістравана запытаў з беларускага боку, у якіх бы фігуравалі згаданыя асобы», – гаворыцца ў лісце прэс-службы Генпракуратуры Польшчы, які атрымала рэдакцыя belsat.eu.

Менавіта звесткі аб банкаўскіх рахунках, перададзеныя беларускаму боку сталіся ў 2011 годзе асноваю для пераследу праваабаронцы Алеся Бяляцкага. Цяпер крымінальныя справы распачалі ў дачыненні лідара Незалежнага прафсаюзу Радыёэлектроннай прамысловасці Генадзя Фядыніча і бухгалтара арганізацыі Ігара Комліка. Абодвум можа пагражаць да 7 гадоў пазбаўлення волі.

Раней «Белсат» атрымаў падобны адказ з Міністэрства юстыцыі Літвы. З яго вынікае, што беларускі бок працягвае слаць запыты адносна рахункаў беларусаў у Літве. Аднак Вільня не выдавала прафсаюзных дзеячаў.

Беларускія праваахоўнікі зладзілі ператрус у сядзібе РЭП 2 жніўня. Сканфіскаваная большая частка кампʼютараў, жорсткіх дыскаў, шукалі дакументы.

Пазней стала вядома, што Генадзя Фядыніча ды Ігара Комліка вінавацяць ва ўхіленні ад аплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Паводле следства, прадстаўнікі прафсаюзу мелі рахункі ў замежных банках, перыядычна выязджалі за мяжу, каб зняць з іх грошы і прывезці ў Беларусь.

МЛ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары