Польская моладзь рыхтуе выставу пра Беларусь

photo

Тыдзень польскія школьнікі і студэнты вандравалі па Беларусі, знаёміліся з мясцовымі жыхарамі, рабілі здымкі. У выніку хутка паўстане вялікафарматная выстава ў самым цэнтры польскага Беластоку.

Насуперак стэрэатыпам, палякі ўсё болей цікавяцца Беларуссю і ўсё часцей надведваюць краіну. Як доказ, можна прывесці ў прыклад сёлетні праект Таварыства адукацыі і дыялогу «Fontis et Futura» для беластоцкай моладзі. 15 школьнікаў і студэнтаў вырушылі на тыднёвую вандроўку па ваколіцах Гарадзеншчыны, каб бліжэй пазнаёміцца з беларускай моладдзю і штодзённасцю беларускага жыцця.

Моладзь з Польшчы у Беларусі. Горадня. 24 жніўня 2017 г. Васіль Малчанаў/Белсат

«Гэта ўжо трэці праект, які арганізоўвае супрацу моладзі Польшчы і Беларусі, дзе мы вывучаем супольную гісторыю. Мы былі ў той самай Рэчы Паспалітай. І мы хочам каб моладзь з аднаго і другога боку мяжы адкрывала супольнае мінулае, знаёмілася паміж сабой. І як аказваецца, пасля гэтых двух праектаў, яны сябруюць, знаходзяць адзін аднаго на Фэйсбуку, пішуць, што ў каго чуваць. Аказваецца, што гэтая беларуская моладзь такая ж, як і польская. У іх падобныя зацікаўленні, яны слухаюць падобную музыку», – кажа настаўніца Барбара Свеньтоньская з сярэдняй школы № 1 у Беластоку.

«З бегам Нёмна»

На роварным шпацыры ў гарадзенскім лесапарку «Пышкі». Горадня. 24 жніўня 2017 г. Васіль Малчанаў/Белсат
На роварным шпацыры ў гарадзенскім лесапарку «Пышкі». Горадня. 24 жніўня 2017 г. Васіль Малчанаў/Белсат

Першы падобны праект меў назву «80 кіламетраў няпамяці».

«Беласток ад Горадні знаходзіцца толькі ў 80-ці кіламетрах, а аказалася, што мы так шмат адзін пра аднаго не ведаем, пра сваё мінулае, пра сваю гісторыю. Мы глядзелі падручнікі, параўноўвалі змест у падручніках, размаўлялі пра тое, што вывучаецца на ўроках і аказалася, што моладзь вывучае зусім розныя рэчы. Сёлетні праект носіць назву «З бегам Нёмна». Мы адведваем розныя мясцовасці, якія далей ці бліжэй знаходзяцца ад Нёмна. Ад Ліды пачынаючы, на Горадні заканчваючы. Мы сустракаемся з выпадковымі людзьмі, зачапляем іх на вуліцы, робім з імі інтэрвю, дапытваемся, як ім жывецца, як выглядае штодзённасць, калі гэта старэйшыя людзі распытваем пра мінуўшчыну іх сям’і», – тлумачыць спадарыня Барбара.

Польская моладзь на праекце «З бегам Нёмна». Горадня. 24 жніўня 2017 г. Васіль Малчанаў/Белсат

Пасля тыднёвай вандроўкі моладзь падрыхтуе вялікафарматную выставу, якая будзе месціцца на Рынку Касцюшкі ў Беластоку.

«На адной выяве мы пакажам басейн Нёмна з пазначанымі месцамі, дзе мы былі. А на астатніх будуць фотаздымкі, зробленыя моладдзю, якія паказваюць прыгажосць гэтых мясцінаў, людзей якія тут жывуць і моладзь, якая ўдзельнічала ў праекце. І паколькі ў міжчассе хлопцы і дзяўчаты рабілі інтэрвю, то фрагменты гэтых запісаў, нейкія цытаты, будуць таксама змешчаны на гэтай выставе», – удакладняе настаўніца.

Акрамя таго, цалкам магчыма, што фрагменты запісаў школьнікаў і студэнтаў будуць транслявацца на радыё «Białystok».

«Толькі ўлада ізалюе Беларусь ад рэшты свету»

Моладзь з Польшчы ў гасцях у калекцыянера Януша Паруліса. Горадня. 24 жніўня 2017 г. Васіль Малчанаў/Белсат
Моладзь з Польшчы ў гасцях у калекцыянера Януша Паруліса. Горадня. 24 жніўня 2017 г. Васіль Малчанаў/Белсат

Самі маладыя, дзелячыся ўражаннямі, зазначаюць, што дзякуючы праекту пазбаўляюцца шматлікіх стэрэатыпаў, звязаных з Беларуссю.

«Вельмі пазітыўныя ўражанні, я ўбачыла штодзённае жыццё беларусаў з іншага боку, не так, як на прыклад падаецца ў Польшчы. Я вельмі здзіўленая. Мы ўбачылі шмат мясцін. Агулам беларусы вельмі прыязна да нас ставяцца», – кажа вучаніца старэйшых класаў, Вэроніка.

«Разбураюцца стэрэатыпы аб ізаляванай, закрытай Беларусі. Прыходзіць разуменне, што гэта толькі ўлада зачыняе Беларусь на рэшту свету, бо людзі, з якімі мы пазнаёміліся, вельмі адкрытыя і такія самыя, як мы», – сцвярджае Міхал, студэнт Міжнародных адносінаў у Беластоку.

У калекцыянера Януша Паруліса. Горадня. 24 жніўня 2017 г. Васіль Малчанаў/Белсат

Як распавядае яшчэ адна настаўніца, Ёанна Радзівоньска, у ейнай школе, усё больш вучняў, якія хочуць прымаць удзел у праекце.

«На пачатку быў такі недавер: а што там цікавага, туды ніхто не ездзіць. А зараз хлопцы і дзяўчаты проста зачараваныя гэтай краінай. Яны шукаюць падобныя рэчы, не ведаючы беларускай мовы, яны ўсё разумеюць. І для іх гэта было здзіўленнем. Пошук падабенстваў і тое, што ім удалося гэтае падобнае знайсці паміж нашымі гісторыямі, лёсамі і ўвогуле ўсім, што мы перажываем. Гэта, хіба што найбольшы плён гэтага праекту».

Праект фінансуецца Міністэрствам замежных справаў Польшчы.

ПВ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары