Польшча замовіла ў ЗША зброі на $ 500 млн


Дзяржаўны дэпартамент ЗША ўхваліў з Польшчай вайсковы кантракт на $ 500 млн. 

Пра гэта паведамляецца ў прэс-рэлізе Упраўлення ваеннага супрацоўніцтва (Defense Security Cooperation Agency) Пентагона.

Польшча мае намер набыць у ЗША 40 крылатых ракет AGM-158A JASSM, дзве ракеты AGM-158A з комплексам апаратуры і сістэмай спынення палёту. Акрамя таго, польскі бок разлічвае мадэрнізаваць свае знішчальнікі F-16C / D Block 52 для таго, каб тыя маглі несці ракеты AGM-158A.

Кантракт набудзе моц пасля яго ўхвалення ў амерыканскім парламенце. Магчымыя тэрміны выканання кантракту не ўдакладняюцца.

Паводле Flightglobal MiliCAS, на ўзбраенні ВПС Польшчы знаходзіцца 36 знішчальнікаў F-16C і 12 вучэбна-баявых F-16D.

У сваю чаргу польскі міністр абароны Томаш Семоняк заявіў, што польская абаронная прамысловасць зацікаўлена ў экспарце ўзбраенняў ва Украіну. «Калі ўкраінскі бок будзе гатовы – ёсць адпаведныя працэдуры і прадпрыемства. Польскія заводы і не мараць ні пра што іншае, апроч экспарту», – заявіў польскі міністр у эфіры «Radio Zet».

ЮВ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары