Польшча: сутарэнне, дзе габрэяў хавалі ад нацыстаў, атрымала статус помніка


Сутарэнне засталося амаль некранутым з часоў Другой сусветнай вайны, калі сям’я Скачылясаў хавала там габрэяў. Цяпер гэта нацыянальны помнік пад аховаю дзяржавы.

Падчас вайны сям’я Скачылясаў з вёскі Стары Цепелеў (Stary Ciepielów), што на паўднёвым усходзе Польшчы, хавала ў сутарэнні свайго дому габрэяў. За адмову выдаць габрэяў у 1942 годзе нацысты спалілі жыўцом дзве польскія сям’і з гэтай вёскі, у тым ліку і 8-гадовага хлопчыка.

Нацысты забілі і галаву сям’і – Пётра Скачыляса. Ягоны ўнук Тадэўш распавядае, што ад сваіх родных даведаўся пра ўчынак прадзеда і ягонай сям’і.

«Мне трошку балюча ад таго, што не толькі ў Польшчы, але і ў свеце забываюцца на такія сем’і, як нашая, ці Кавальскіх, ці Абухаў, ці Ваевудкаў ды іншыя. За дапамогу габрэям каралі ўсю сям’ю. А тое, што тут у нас хавалі габрэяў і быў перавалачны пункт, мне распавядала цётка», – кажа Тадэўш Скачыляс.

Сям’я хавала габрэяў ад нацыстаў, не патрабуючы анічога ўзамен. Пасля заканчэння вайны пра тыя падзеі яны нікому не распавядалі, бо баяліся ўвагі з боку спецслужбаў камуністычнай Польшчы. Пазней – каб не выклікаць цікаўнасці «шукальнікаў габрэйскіх скарбаў».

Акупаваўшы Польшчу, нацысты афіцыйна папярэдзілі, што кожнага, хто будзе хаваць габрэяў ад новай улады, чакае смяротнае пакаранне. Аднак гэта не спыніла сям’ю Скачылясаў.

«Я б хацела ведаць, ці хтосьці з тых габрэяў жыве. Каб хтосьці з іх прыехаў да нас, паказаўся, паразмаўляў з намі – гэта было б вельмі прыемна для нас, можа і для іх», – кажа Яніна Шчэпаноўска, унучка Пётра Скачыляса.

Працаўнікі фонду «FROM THE DEPTHS» цяпер спрабуюць знайсці нашчадкаў тых, хто хаваўся ў гэтых сутарэннях.

«Гэтае месца важнае не толькі для габрэяў, гэта важна для чалавецтва. Хто можа паверыць, што адна асоба будзе рызыкаваць сваім жыццём і ў выніку аддасць яго, намагаючыся дапамагчы іншым? Сям’я Скачылясаў ведала, што яны рызыкуюць сабою, яны разумелі небяспеку, яны разумелі, што магло здарыцца, а тым не менш яны зрабілі гэта. Я не магу ўявіць сябе на іх месцы, не магу ўявіць, што можна рызыкаваць сваёй сям’ёй, каб спрабаваць выратаваць кагосьці іншага, нават сябра ці суседа», – гаворыць Джоні Дэньелз, прэзідэнт фонду.

МЛ, belsat.eu

Стужка навінаў