Польшча стварае новую баявую дывізію на ўсходняй мяжы


Пасля расейскай анексіі Крыму і пачатку вайны на Данбасе Варшава надае асаблівую ўвагу не толькі тэхнічнай мадэрнізацыі арміі, але і павелічэнню колькасці вайскоўцаў, а таксама рэформе сістэмы размяшчэння войска, якое перасоўваецца бліжэй да ўсходняй мяжы.

Польскія вайскоўцы

У чацвер у Варшаве адбыўся штогадовы брыфінг каардынацыйна-каманднага складу Міністэрства абароны і Узброеных сіл, на якім былі падведзеныя вынікі мінулага году і агучаныя планы на гэты год.

Новая дывізія

Гэтак на ўсход ад ракі Вісла будзе расквартэраваная новая польская дывізія. Прычым гэта будзе не проста новай арганізацыйнай формай для вайсковых частак, якія ўжо існуюць. Колькасць жаўнераў арміі рэальна павялічыцца.

Польшча мае тры дывізіі Сухапутных войскаў (11-я бронекавалерыйская, 12-я механізаваная і 16-я механізаваная), якія складаюць асноўную наземную сілу Польшчы.

«Маёй мэтай як кіраўніка Міністэрства абароны ёсць стварэнне больш вялікага войска, якое мае сучасны рыштунак. Маёй мэтай таксама ёсць стварэнне новай дывізіі прафесійнага Войска Польскага, размешчанага на ўсход ад Віслы», – заявіў міністр абароны краіны Марыюш Блашчак.

Рэкрутынгавы ролік польскай арміі

Раней было прынята рашэнне перакінуць два танкавыя батальёны, якія ўзброеныя найноўшымі танкамі Leopard 2A5, для ўзмацнення войск каля ўсходняй мяжы.

Патрэбу ў пераўзбраенні і павелічэнні польскай арміі Варшава тлумачыць пагрозаю з Усходу – з рэваншысцкай Расеі, якая захапіла ўкраінскі Крым, развязала вайну на Данбасе, увязалася ў ваенныя дзеянні на Бліжнім Усходзе і імкнецца разбурыць абарончыя структуры заходніх краін.

«Расея паказвае, што гатовая выкарыстаць вайсковую сілу для дасягнення сваіх мэтаў», – сказаў польскі прэзідэнт Анджэй Дуда. Пры гэтым ён згадаў беларуска-расейскія вучэнні «Захад-2017», якія, паводле яго, мадэліравалі «паўнамаштабны канфлікт з NATO, арэнай якога павінны стаць Польшча і краіны Балтыі».

Фінансаванне

«Мы хацелі б, каб вырасла колькасць польскага войска. Канешне, усё гэта звязана з фінансавымі пытаннямі», – адзначыў прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда.

Польскія Leopard 2A5 на выпрабаваннях.
Фота: defence24.com

Было заяўлена, што ў 2017 годзе выдаткі Варшавы на абарону склалі каля 2 адсоткаў валовага ўнутранага прадукту, а да 2030 года гэтая доля будзе паднятая да 2,5 адсотка, што па стандартах NATO будзе адпавядаць узроўню, які дазваляе належнае развіццё арміі.

Польшча, маючы ўзброеныя сілы прыкладна ў 105 000 чалавек выдае на іх у гэтым годзе каля $ 9 мільярдаў. Гэта ў 10 разоў болей, чым аддае Беларусь на сваю прыкладна 60-тысячную армію.

Хаўруснікі

Анджэй Дуда таксама заклікаў да больш шчыльнай абарончай кааперацыі Еўразвязу і NATO, а ў якасці галоўнага хаўрусніка назваў Злучаныя Штаты. Галоўным чыннікам абароны Польшчы Дуда назваў прысутнасць Польшчы ў NATO.

Ролік «Мы – NATO». Відэа NATO

«Мы хочам максімальна ўзмацняць гэты хаўрус. Мы хацелі б павелічэння колькасці амерыканскіх жаўнераў на нашай тэрыторыі», – дадаў прэзідэнт.

Новая структура для больш хуткага пераўзбраення

Таксама было прынята рашэнне пра стварэнне спецыяльнай службы, якая будзе займацца пераўзбраеннем войска.

«Учора я прыняў рашэнне прызначыць начальніка Агенцтва па ўзбраеннях. Я ўпэўнены, што гэта прывядзе да большай эфектыўнасці і хуткасці закупак, да таго, што польскае войска будзе мець найбольш сучасны рыштунак», – заявіў міністр абароны Польшчы.

Амерыканская самаходная гаўбіца «M109A6 Paladin» вядзе агонь падчас вучэнняў у Польшчы. Фота U.S. Army Spc. Marcus Floyd

Стварэнне новай структуры было выклікана цэлым шэрагам няўдалых тэндараў на набыццё для польскай арміі новай тэхнікі, што часам было звязана з недастатковай каардынацыяй працы розных службаў.

«Стварэнне адзінага падраздзялення, якое будзе працаваць над гэтым і каардынаваць усю актыўнасць, падаецца разумным рашэннем… Я спадзяюся, што працэсы стануць больш дынамічнымі, а ў выніку гэта прывядзе да больш выгадных коштаў. Аднак найбольш важны тут фактар часу», – сказаў Дуда.

Аляксандр Гелагаеў, belsat.eu

Стужка навінаў