Польшча развіталася з Анджэем Вайдам


Рэжысёра, адпаведна з ягонай апошняй воляй, пахавалі ў Кракаве. У Дамініканскі касцёл прыйшлі і прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі, і шараговыя людзі, якія любілі і цанілі знакавага рэжысёра.

Жыхары Польшчы падкрэсліваюць:

«Спадар Анджэй Вайда пакінуў вялікую гісторыю, прынамсі для майго пакалення. Я яму вельмі ўдзячная. Маё пакаленне не ведае вайны, а фільмы Анжэя Вайдынам мудра яе паказалі. А стужка «Пан Тадэвуш», напрыклад, – гэта лекцыя па гісторыі і для маіх дзяцей».

«Анджэй Вайда быў для мяне ідалам, найбольш выбітнаю постаццю з сучасных вядомых палякаў. Я цешуся і ганаруся, што яго ведаў – ён прыходзіў у галерэю, дзе я працаваў».

«Мы ўсе запомнім яго з ягоных цудоўных стужак. Ён адзін з найлепшых рэжысёраў, трэба аддаць даніну ягонай творчасці».

6 сакавіка Вайда адзначыў 90 гадоў, але, падавалася, і маладыя пазайздросцяць ягонай энергіі ды аптымізму: з нагоды юбілею рэжысёр сустрэўся з студэнтамі Кінематаграфічнай школы ў Варшаве. Стужкі Вайды – узор кіно не толькі для палякаў. У 2000 г. рэжысёр атрымаў Оскар за пяць дзесяцігоддзяў выбітнай кінарэжысуры. Раней ягонага «Чалавека з жалеза» узнагародзілі Залатой пальмавай галінай у Канах. Безліч прызоў узяла і стужка «Катынь» – адная з найбольш асабістых, бо бацька рэжысёра Якуб Вайда быў ахвяраю сталінскага рэжыму. Пра фільмы Вайды ў Польшчы кажуць: яны не толькі распавядалі гісторыі, а будавалі свядомасць нацыі.

Рэжысёр паўтараў, што памрэ, калі перастане рабіць кіно. І здымаў амаль да канца. Прэмʼера апошняй стужкі Анджэя Вайды паводле біяграфіі нарадзінца Менску, мастака Уладзіслава Страмінскага чакаецца на пачатку наступнага году. Польскі актор Робэрт Венцкевіч, што сыграў у Вайды Леха Валэнсу, бачыў стужку на перадпрэмʼеры ды называе яе запаветам рэжысёра новаму пакаленню рэжысёраў і заклікам не паддавацца і змагацца за праўду ў мастацтве. Сам Вайда кіраваўся гэтымі прынцыпамі ў кожным з сваіх фільмаў.

Марына Вашкевіч, Аляксандра Дорская, «Белсат». Фота peoples.ru

Стужка навінаў