Польшча прызначыла новага пасла ў Беларусі


Конрад Паўлік атрымоўвае з рук Вітальда Вашчыкоўскага намінацыю на Амбасадара ў Беларусі. Фота: Караліна Семён-Бельская, прэс-служба МЗС Польшчы

Першым заданнем Конрада Паўліка будзе падрыхтоўка візіту замежных справаў Вітальда Вашчыкоўскага ў Беларусь.

Вітальд Вашчыкоўскі, міністр замежных справаў Польшчы, уручыў Конраду Паўліку рашэнне прэзідэнта Анджэя Дуды аб прызначэнні яго на пасаду амбасадара Польшчы ў Беларусі.

Конрад Паўлік – эканаміст і прафесійны дыпламат. Ён працуе ў дыпламатычным корпусе з 2007 года. Ад 2010 да 2012-га Паўлік працаваў у Пастаянным прадстаўніцтве Польшчы пры Арганізацыі эканамічнай супрацы і развіцця ў Парыжы.

У 2012-2014 гадах быў намеснікам дырэктара Дэпартамента па справах Усходняй Еўропы МЗС, а пазней узначаліў гэты аддзел. Працаваў упаўнаважаным міністра замежных справаў па справах Усходняга партнёрства.

Апошнія два гады Конрад Паўлік каардынаваў замежную дапамогу Польшчы, супрацу з палякамі замежжа, усходнюю палітыку і пытанні бяспекі.

Конрад Паўлік нарадзіўся ў Варшаве. Скончыў факультэт міжнародных эканамічных і палітычных адносін Галоўнай гандлёвай школы. У 2001–2006 гадах працаваў у Орхускім універсытэце ў Даніі (які, дарэчы, скончыла, дацкая каралева Маргрэтэ II), абараніў там доктарскую дысертацыю. Новы амбасадар не ведае беларускай, але свабодна размаўляе па-расейску і па-ангельску. Ведае карэйскую.

На працягу двух тыдняў новы амбасадар прыбудзе ў Беларусь. Яго першым заданнем на новай пасадзе стане падрыхтоўка візіту міністра замежных справаў Польшчы Вітальда Вашчыкоўскага ў нашую краіну.

ДД

Глядзі таксама
Каментары