«Польшча павінна паводзіць сябе як разважлівая польская жанчына»


Эву Копач, што чатыры дні займае пасаду кіраўніка польскага ўраду, крытыкуюць за выказванні адносна дапамогі Украіне. Яна параўнала рэакцыю Польшчы на расейска-ўкраінскі канфлікт з рэакцыяй жанчыны, якая пабачыла на вуліцы злачынцу з нажом. «Першая мая думка: там за маёй спіною – мой дом і мае дзеці. Уцякаю дадому, зачыняю дзверы і клапачуся пра сваіх дзяцей», – заявіла Эва Копач журналістам.

Пытанне журналістаў датычылася паставак зброі для Украіны. «Белсат» публікуе пераклад усяго выказвання Эвы Копач.

«Калі гаворка ідзе пра тое, ці павінны мы выслаць зброю для Украіны. Ведаеце, я – жанчына. І я ўяўляю, што я б зрабіла, калі б на двары раптам з’явіўся чалавек, які раптам пачынае махаць якім-небудзь вострым прадметам, альбо трымаў у руцэ пісталет. Першая мая думка: там за маёй спіною – мой дом і мае дзеці. Уцякаю дадому, зачыняю дзверы і клапачуся пра сваіх дзяцей.

Што ў такой сітуацыі зрабіў бы мужчына? Напэўна падумаў бы: у мяне няма нават нармальнай дубіны, але як гэта – няўжо я не стану і не буду з ім біцца? Толькі таму, што ён адважыўся прыйсці і пагражаць маёй сям’і.

Таму адкажу адно: Польшча павінна паводзіць сябе, як польская разважлівая жанчына. Нашая бяспека, нашая краіна, наш дом, нашыя дзеці – найважнейшае. Што зусім не азначае, што мы мусім трымацца іншага пункту гледжання, чым ЕЗ. Наадварот, я мяркую, то мы не павінны наперагонкі імкнуцца быць непасрэдным удзельнікам гэтага ўзброенага канфлікту. Але павінны, калі толькі вырашыць гэта вялікая еўрапейская сям’я, што мы хочам дапамагаць Украіне. Безумоўна, мы павінны дапамагаць, але разам з іншымі краінамі.

Так, можа тут у Польшчы мы слаба сабе гэта ўяўляем. Але я б аддала перавагу таму, каб дбаць пра свае межы. Калі б я гэта вырашала, ці мы мусім стаць і падвяргаць небяспецы нашых грамадзянаў, нашых жаўнераў, вазіць туды абсталяванне, медычныя грузы, то я б вырашыла рабіць гэта там, дзе гэта непасрэдна побач з намі. Гэта вынікае з таго, што мы яшчэ слаба ўяўляем, наколькі небяспечным можа быць тэрарызм. Баронімся ад яго, але памятайма, што свая кашуля бліжэй да цела. Таму таксама, калі б я магла выбіраць, то рашуча паставіла б на моцнае падтрыманне нашых суседзяў у тым канфлікце з Расеяй разам з іншымі еўрапейскімі краінамі».

Раней паведамлялася, што Польшча вышле для Нацгвардыі Украіны баявы рыштунак, аднак не разгалошвалася, які ды ў якіх аб’ёмах. Пагадненне было дасягнутае да таго, як Эва Копач стала прэм’ер-міністрам Польшчы.

МЛ, belsat.eu

Стужка навінаў