Польшча патлумачыла, чаму Максім Мархалюк не мог перайсці мяжу


Кіраўніцтва польскай часткі Белавежскай пушчы ў размове з «Белсатам» заявіла, што пра выпадак з Максімам Мархалюком ім не вядома: беларускі бок не кантактаваў з імі ў гэтай справе.

Паводле Аддзелу доступу да Нацыянальнага парку «Белавежская пушча», магчымасці, каб зніклы хлопчык патрапіў у Польшчу, няма.

«Гэта немагчыма: за шмат сістэмаў забеспячэння. Праз пушчу на ўсёй даўжыні дзяржаўнае мяжы цягнецца высокі плот, а таксама пераараная палоска зямлі, якая спраўджваецца штодня», – кажа Марэк Сьвіць, кіраўнік аддзелу.

Паводле адміністрацыі Нацыянальнага парку, перасоўвацца паміж абедзвюма часткамі пушчы не могуць нават жывёлы.

«Падаецца, Пушча – адна, але тым не менш, мы кажам, напрыклад, пра польскі і беларускі статкі зуброў», – дадае Сьвіць.

Белавежская пушча – найбуйнейшы астатак рэліктавага лесу, які ў дагістарычныя часы пакрываў Еўропу. На тэрыторыі Польшчы і Беларусі ўтвораныя аднайменныя нацыянальныя паркі (уключаныя ў Спіс сусветнай спадчыны ЮНЭСКО) і біясферныя запаведнікі.

Дзесяцігадовы Максім Мархалюк знік у суботу 16-га верасня. Апрануты ў швэдар камуфляжнага колеру і чырвоную камізэльку хлопец паехаў у лес, які, паводле мясцовых жыхароў, ведаў вельмі добра. Міліцыянты знайшлі ровар Максіма, і гэта пакуль адзіны след з пачатку пошукаў.

ДД

Стужка навінаў