Польшча не будзе пускаць у краіну кіроўцаў, якія не сплацілі штрафы


Памежная служба Польшчы чакае, калі яе падлучаць да сістэмы CANARD, якая аўтаматычнае фіксуе парушэнні правілаў дарожнага руху. Калі гэта будзе зроблена, то замежнага кіроўцу, які парушыў правілы і не сплаціў штраф, не пусцяць у Польшчу.

Польскае выданне Rzeczpospolita паведамляе, што ў 2017 годзе 8% сярод парушальнікаў хуткаснага рэжыму – гэта былі кіроўцы з-за ўсходняй мяжы. Агульная сума штрафаў, якая ім была выпісаная – 20 мільёнаў злотых (каля $5,6 мільёнаў). Толькі гэтыя грошы не трапілі ў бюджэт, бо няма магчымасці іх спагнаць з парушальнікаў. Справа ў тым, што, калі грамадзянін іншай краіны ЕЗ парушыць правілы, яму на хатні адрас прыйдзе штраф, бо ў Еўразвязе працуе адзіная сістэма. Грамадзяне краінаў, якія не ўваходзяць у Еўравяз, пазбягаюць пакарання праз тое, што такой адзінай базы няма і незразумела, куды высылаць штраф. Не адкруціцца ад пакарання толькі ў тым выпадку, калі на дарозе спыніць паліцыя.

Цяпер транспартная інспекцыя працуе над зменамі, каб на мяжы працавала сістэма CANARD, якая захоўвае інфармацыю пра парушэнні. Пасля ўвядзення зменаў, парушальнік будзе стаяць перад выбарам: або плаціць штраф, або не ехаць у Польшчу.

ГА, belsat.eu

Стужка навінаў