Польшча набудзе аналаг беларускага «Паланезу» праз партнёрства з ЗША


"Паланез" на выставе MILEX-2017. Фота – Лявон Каржакевіч

Амерыканская аэракасмічная карпарацыя Lоckheed Martin стане партнёрам польскага кансорцыуму на чале з абаронна-прамысловай групай Polska Grupa Zbrojeniowa S.A. у справе пастаўкі новых аператыўна-тактычных ракетных комплексаў для польскай арміі, паведамляюць польскія профільныя СМІ. 

Фактычна размова ідзе пра сістэму падобную да беларускага ўдарнага ракетнага комплексу «Паланез» – з дальнасцю стральбы да 300 км. У Польшчы гэтая праграма называецца «Амар».

«Учора Polska Grupa Zbrojeniowa прыняла рашэння, каб ракетная сістэма “Амар” была набытая, будуць праведзеныя перамовы, і кантракт будзе заключаны верагодней за ўсё з фірмай Lоckheed Martin», – сказаў міністр нацыянальнай абароны Польшчы Антоні Мацерэвіч.

Магчымы выгляд польскага «Амара»

Выбар польскага канцэрну азначае, што па праграме «Амар» будзе набывацца амерыканскі ракетны комплекс M142 High Mobility Artillery Rocket System (HIMARS), якія могуць весці агонь рознымі тыпамі боепрыпасаў. Польская прамысловасць плануе ўдзельнічаць у праграме пастаўкай шасі, на якіх будуць мантыравацца амерыканскія ракетныя ўстаноўкі.

Рэванш артылерыі

Польшча лічыць сябе галоўнай сілай на ўсходнім флангу НАТО, а пасля расейскай анексіі Крыму і ў выніку вайны на Данбасе, якая працягваецца, адчувае сваю асаблівую адказнасць у выпадку канфлікту з Масквой.

Артылерыя шырока выкарыстовўалася ў зоне АТА

Хоць у большасці апошніх канфліктаў галоўную ролю ў знішчэнні пазіцый, штабоў і транспартных калон праціўніка грала авіяцыя, менавіта вайна на Данбасе паказала, што, як і 200 год таму, артылерыя застаецца «богам вайны». Менавіта артылерыя (як рульная, гэтак і ракетная) і правільнае кіраванне яе агнём змусілі атрады расейскіх баевікоў пакінуць Славянск, гралі галоўную ролю ў баях на ўкраінска-расейскай мяжы, пад Саўр-Магілай, пры абароне Данецкага аэрапорту і Марыупалю.

Пад «парасонам» свайго артылерыйскага агню пяхота ў большасці выпадкаў трымае абарону ключавых пазіцыяў, праводзіць тактычную выведку, знішчае варожыя групы выведкі, у наступе дабівае праціўніка ў тых кропках, якія не заўважыла і не «апрацавала» належным чынам артылерыя. У выніку гарматы ня толькі знішчаюць ворага, але і захоўваюць жыцці сваіх жаўнераў.

«Паланез» ад нашчадкаў ВКЛ

“Паланез” на выставе MILEX-2017. Фота – Лявон Каржакевіч

Беларуская армія паставіла на ўмацаванне сваёй артылерыі яшчэ да пачатку вайны на Данбасе, у выніку чаго ўжо ў 2015 годзе была паказаная шырокай публіцы магутная сістэма залпавага агню «Паланез». У 2016 годзе першыя комплексы ўжо паступілі ў беларускую армію.

«Паланэз» прызначаны для паражэння адкрыта размешчанай і ўкрытай жывой сілы, небраніраванай і браніраванай ваеннай і ваенна-спецыяльнай тэхнікі, артылерыі, ракетных і зенітных ракетных комплексаў, авіяцыйнай тэхнікі на аэрадромах базавання і іншых абʼектаў на далёкасці ад 50 км да 200 км з высокай дакладнасцю.

Зараз ідуць працы па павелічэнні дальнасці агню да 300 і больш кіламетраў. Такім чынам праз дакладную сістэму навядзення і вялікую дальнасць агню «Паланэз» набывае якасці аператыўна-тактычнага ракетнага комплексу.

Сістэма была распрацавана ў партнёрстве з Кітаем. РСЗА ўстаноўленая на чатырохвосным шасі высокай праходнасці МЗКЦ-7930. Па меркаванні спецыялістаў, выкарыстоўваюцца высокадакладныя 301 мм кітайскія ракеты А200 масай 750 кг.

Фактычна, зʼяўленне «Паланэзу» і самастойная ракетная праграма стала адказам Беларусі на нежаданне Масквы дзяліцца ракетнымі комплексамі «Іскандэр».

Ці смачным будзе «Амар»?

М142 HIMARS вядзе агонь падчас выпрабаванняў у ЗША. wikipedia.org

Амерыканскі M142 – гэта лёгкая ракетная сістэма залпавага агню, якая, як і «Паланез», мае колавае шасі высокай праходнасці. На шасі стаіць пускавая ўстаноўка, якая можа ўтрымліваць або 6 ракетаў GMLRS з дальнасцю да 80 км ці адну ракету ATACMS з дальнасцю да 300 км.

Усе ракеты зʼяўляюцца высокадакладнай зброяй і могуць наладоўвацца рознымі тыпамі боепрыпасаў – пераважная касетнымі супрацьпяхотнымі ці супрацьтанкавымі. Хутка на ўзбраенні амерыканскай арміі могуць зʼявіцца ракеты для М142 з дальнасцю да 500 км.

Згодна з праграмай «Амар» Польшча планіруе набыць 56 установак, плюс дзве вучэбныя. Кожны комплекс M142 каштуе каля $5 мільёнаў. Кошт адной ракеты ATACMS па розных дадзеных вагаецца ад $0,7 да $1,5 млн, ракеты GMLRS больш танныя, аднак і патрабуюцца ў большай колькасці. Устаноўкі будуць стаяць на шасі польскіх грузавікоў Jelcz.

Такім чынам праграма ракетнага пераўзбраення можа каштаваць Варшаве сотні мільёнаў долараў, аднак краіна можа значна павялічыць баяздольнасць свайго войска.

Аляксандр Гелагаеў, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары