Польшча дапаможа Беларусі захаваць незалежнасць


Палітычны аванс ці халодны разлік? Польская дэлегацыя завітала ў беларускую сталіцу, каб навесці дыпламатычныя масты. Сёння дэпутаты Сейму правялі перамовы з прадстаўнікамі грамадскай супольнасці Беларусі. Ці паўплывае гэтая дыскусія на далейшы лёс польска-беларускіх дачыненняў?

Аванс для беларускіх уладаў – менавіта так ацэньвае апазіцыя актывізацыю візітаў афіцыйных асобаў Польшчы ў нашую краіну.

І засцярогі на гэты конт яе прадстаўнікі агучылі сёння падчас адмысловай сустрэчы з польскаю дэлегацыяй на чале з віцэ-старшынём Сейму Рышардам Тэрлецкім.

«Натуральна, што абмяркоўвалі, наколькі апраўданыя такія смелыя крокі з боку польскага ўраду і польскага парламенту насустрач афіцыйным уладам Беларусі», – распавядае Аляксей Янукевіч, старшыня партыі «БНФ».

Незалежнасць – перш за ўсё!

Анексія Расеяй Крыму, вайна на ўсходзе Украіны ды агрэсіўная рыторыка Расеі ў цэлым, прывяла да пераасэнсавання палітыкі ў нашым рэгіёне, лічаць некаторыя ўдзельнікі спаткання.

«Польская дэлегацыя паведаміла, што асноўны акцэнт яны сёння надаюць пытанню захавання незалежнасці Беларусі. Таму будуць шукаць розныя шляхі, і ў тым ліку праз супрацу з афіцыйным рэжымам», – зазначае Юрась Губарэвіч, намеснік старшыні Руху «За Свабоду».

Прадстаўнікі апазіцыйных партыяў, рухаў ды праваабарончых арганізацыяў Беларусі неаднаразова падкрэслівалі замежным гасцям, што словы ўладаў Беларусі ды рэальныя ўчынкі – абсалютна супрацьлеглыя. І, як прыклад, называлі этап фармавання выбарчых камісіяў на парламенцкіх выбарах. Абяцаная лібералізацыя на словах, у рэальнасці – абсалютна стэрыльныя выбаркамы. Куды не пусцілі амаль нікога з непадкантрольных уладам людзей. Што, на думку палітыкаў з Беларусі, ускосна пацвярджае падрыхтоўку да чарговых фальсіфікацыяў.

«Мы прасілі толькі аб адным – калі ласка, Лукашэнка раскажа вам столькі казак, што тут цуд творыцца, і ягоныя служачыя таксама распавядуць. Але вы кантралюйце не па гаворцы, а па захадах, па ўчынках», – звяртае ўвагу Станіслаў Шушкевіч, старшыня Вярхоўнага Савету Беларусі (1991-1995).

Палякі не здрадзяць дэмакратыі

Але спроба дыялога з уладамі Беларусі – не азначае зменаў у стасунках да дэмакратычнага грамадства Беларусі – супакойваюць дэпутаты з Польшчы. Паводле прадстаўнікоў беларускай апазіцыі, на сённяшнім спатканні афіцыйныя дэлегаты з Варшавы дэкларавалі нязменнасць гэтай пазіцыі.

«Ішла гаворка пра падтрыманне беларускіх незалежных медыяў, якія дзейнічаюць у Польшчы. Пра падтрыманне адукацыйных праектаў», – тлумачыць Павал Севярынец, сустаршыня партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя».

Пасля перамоваў у сталіцы Беларусі польская дэлегацыя накіравалася на сустрэчу з этнічнымі палякамі ў Баранавічах. А таксама на спатканне ў Берасці з польскімі бізнесоўцамі, якія інвестуюць у беларускую гаспадарку. Адна з мэтаў мерапрыемстваў – з першых крыніцаў даведацца пра сітуацыю ў Беларусі.

Юрый Салодкі, «Белсат»

Стужка навінаў