Польшча–Беларусь: суворы прагматызм


Дагэтуль заходнія краіны не прызнавалі легітымнасці беларускага парламенту. Чаму дэмакратыя і правы чалавека адышлі на другі план у стасунках паміж Варшаваю і Менскам і якую ролю ў гэтым працэсе грае эканоміка?

Цягам трох дзён Польшчу наведвалі намеснік старшыні Палаты прадстаўнікоў Баляслаў Пірштук і старшыня камісіі ў міжнародных справах Валерый Варанецкі. Апошні раз афіцыйную дэлегацыю Палаты прадстаўнікоў запрашалі ў польскую сталіцу адзінаццаць гадоў таму.

Сустрэчу каментуе Станіслаў Карчэўскі, маршалак сенату Польшчы:

З беларускаю дэлегацыяй мы размаўлялі пра пытанні, якія датычаць гаспадаркі, і пра магчымасці ўзмацнення міжпарламенцкай супрацы. Я перадаў беларускаму боку запрашэнне на сустрэчу кіраўнікоў парламентаў краінаў, якія не сябры Еўразвязу. Сустрэча, якую арганізоўваюць маршалкі сейму і сенату, адбудзецца 17–18 траўня.

Дэмакратыя і правы чалавека перасталі быць галоўнымі тэмамі у стасунках паміж Польшчай і Беларуссю

Валер Карбалевіч, палітолаг:

Беларускі парламент – не паўнавартасны парламент, ён не выбраны народам, а прызначаны выканаўчаю ўладай. Выбары ў Беларусі не справядлівыя і не законныя, пра што сведчаць высновы назіральнікаў АБСЕ.

Яшчэ нядаўна такога меркавання прытрымлівалася і Польшчы, але сітуацыя радыкальна змянілася. Польская апазіцыя лічыць, што сёння дэмакратыя і правы чалавека – не галоўная тэма ў стасунках паміж Варшаваю і Менскам.

Робэрт Тышкевіч, дэпутат Сейму, кіраўнік камісіі замежных справаў

Ствараецца ўражанне, што цяперашняе кіраўніцтва Сейму робіць крок у кірунку легітымізацыі недэмакратычнага беларускага парламенту. Урады і выканаўчая ўлада для прагматыкі мусяць часам сустракацца і размаўляць. Але няма такой патрэбы, каб весці прагматычны дыялог з уладамі Беларусі на парламенцкім форуме. Няхай размаўляюць на ўзроўні міністэрстваў пра канкрэтныя справы, але з інаўгурацыяй міжпарламенцкіх стасункаў мы мусім пачакаць. Прынамсі да таго часу, пакуль беларускі парламент не будзе абраны шляхам дэмакратычнага выбару.

За закрытымі дзвярамі

Чакаць давялося б яшчэ доўга, таму ў Варшаве ўжо цяпер беларускіх гасцей сустракалі маршалак польскага сенату Станіслаў Карчэўскі, а таксама віцэ-спікер сейму Рышард Тэрлецкі, якія яшчэ нядаўна наведвалі Беларусь. З польскімі бізнесоўцамі дэлегацыя Палаты прадстаўнікоў сустрэлася ў беларускай амбасадзе. Усе сустрэчы адбываліся за закрытымі дзвярамі, але старшыня польска-беларускай гандлёва-прамысловай палаты падказвае галоўны пасыл.

Казімеж Здуноўскі, старшыня Польcка-беларускай гандлёва-прамысловай палаты:

Галоўнае тое, што ствараецца клімат узаемнага даверу, пашаны і ўзаемнай супрацы. Гэта вельмі важны пункт аднясення да ўкладання канкрэтных бізнес-праектаў.

Польская прэса пакуль неафіцыйна піша пра тое, што найбуйнейшыя беларускія прадпрыемствы рыхтуюцца да частковай прыватызацыі. Гаворка ідзе пра ўваход на варшаўскую фондавую біржу такіх гігантаў як БЕЛаз, «Беларусбанк», і нават нафтаперапрацоўчых заводаў у Мазыры і Наваполацку.

Дар’юш Мэйшутовіч, кіраўнік групы ў сувязях з кліентамі, Біржа каштоўных папераў, Варшава:

Мы назіраем вялікую зацікаўленасць з боку беларускіх фірмаў прысутнасцю на нашым рынку. Гэта адкрывае доступ да капіталу, які пакуль для беларускіх суб’ектаў закрыты. Дзякуючы доступу да варшаўскай фондавай біржы беларускія прадпрыемствы, калі яны будуць добрыя, могуць шукаць прыватных інвестараў.

Адліга ў стасунках паміж Менскам і Варшаваю

Вынікі адлігі ў стасунках паміж Менскам і Варшаваю ўжо можна заўважыць у новых праектах. Следам за польскімі палітыкамі ў Беларусь паехалі і польскія інвестары, якія гатовыя ўкладаць у мясцовую гаспадарку мільёны еўраў.

Казімеж Здуноўскі, старшыня Польска-беларускай гандлёва-прамысловай палаты:

Дзве польскія карпарацыі IDS-BUD і Tines Capital Group падпісалі з «Белэнерга» мемарандум будовы трох гідраэлектрастанцыяў у Беларусі. Адная паўстане на Нёмне, а дзве іншыя на Дняпры ў Магілёве і Шклове. Папярэдняя вартасць інвестыцыі каля 200 мільёнаў еўраў. Такіх праектаў дастаткова, але інвестары не любяць асабліва распавядаць пра іх у прэсе.

Але ў найбліжэйшай будучыні варта чакаць і далейшых палітычных абдымкаў. У размове з польскім выданнем «Rzeczpospolita» старшыня замежнай камісіі Валерый Варанецкі паведаміў пра тое, што беларускія парламентары неўзабаве паедуць у нямецкі Бундэстаг, а таксама наведаюць парламенты Францыі ды Італіі.

Валер Карбалевіч, палітолаг:

Масква незадаволеная тым, што афіцыйны Менск не падтрымаў яе ў канфлікце з Захадам і ў канфлікце з Украінаю, што беларускае кіраўніцтва праводзіць лінію нейтралітэту. Калі Расея пачала халодную вайну з Захадам, Беларусь пачала нармалізацыю адносінаў з Захадам і гэта Маскве не даспадобы.

Брусель адмяніў санкцыі ў дачыненні да Беларусі пасля вызвалення палітвязняў. Варшава ж спадзяецца на тое, што гэтак званая «мяккая лібералізацыя» ў Беларусі працягнецца. Гэтага дастаткова, каб еўрапейскія партнёры чарговы раз не напружвалі Аляксандру Лукашэнку размовамі пра дэмакратыю.

Рэпартаж Руслана Шошына

Глядзіце цалкам выданне ПраСвет

Стужка навінаў