Побач з Віцебскам і Магілёвам паўстане новая расейская мотастралковая дывізія


Пра гэта паведамляе informnapalm.org.

4 траўня 2016 г. міністр абароны РФ Сяргей Шайгу заявіў, што «тры новыя дывізіі будуць створаныя для супрацьдзеяння нарошчванню сілаў НАТО каля расейскіх межаў». Як вядома, ні Украіна, ні Беларусь не зʼяўляюцца чальцамі гэтага вайсковага альянсу.

Больш за тое, ва Украіне ўжо больш за два гады працягваецца вайна. Прарасейскія баевікі акупавалі каля 7% тэрыторыі нашай паўднёвай суседкі. Беларусь жа завязаная з Расеяй усімі магчымымі вайсковымі хаўрусамі ды дамовамі, і нават уваходзіць з ёю ў адзіную рэгіянальную групоўку войскаў ды адзіную сістэму супрацьпаветранае абароны. На гэтым фоне словы міністра абароны РФ гучаць вельмі недарэчна і цынічна, піша informnapalm.org.

У гэты момант адбываецца актыўнае будаўніцтва вайсковых базаў у г. Новачаркаску і п. Кадамаўскім Растоўскай вобласці, дзе будзе месціцца 159-я мотастралковая дывізія. У г. Багучар Варонежскай вобласці фармуецца 10-я танкавая дывізія, а ў н.п. Валуйкі Белгарадзкай вобласці ідзе завяршальны этап стварэння вайсковай базы 23-й мотастралковай брыгады. Вайсковая база ствараецца і ў г. Клінцы Бранскай вобласці, на якую перакідваюцца падраздзяленні 28-й мотастралковай брыгады. Мілітарысцкія падрыхтоўкі закранулі цяпер і г. Ельня ў Смаленскай вобласці.

У Ельні аднаўляецца 144-я мотастралковая дывізія, у якой да лета 2017 году прыедзе больш за 6000 вайскоўцаў, сярод якіх прыблізна 3600 асобаў – афіцэры і кантрактнікі. Першы эшалон з вайсковаю тэхнікаю і падраздзяленнямі 28-й АМСБр з Екацярынбургу прыбыў на месца дыслакацыі 13 ліпеня 2016 г.

Паводле мясцовай газеты «Знамя», хутка ў Ельню прыедуць два батальёны (па 400 вайскоўцаў у кожным). Характэрна, што падраздзяленні 28-й АМСБр перакідваюцца таксама і ў г.Клінцы Бранскай вобласці.

Ельнінская дывізія ўвойдзе ў склад 1-й гвардзейскай танкавай арміі разам з Таманскай мотастралковай і Кантэміраўскай танкавай дывізіямі.

У 2017 г. у Ельню будуць перадыслакаваныя два палкі.

Варта зазначыць, што новая дывізія ў Ельні знаходзіцца на аднолькавай адлегласці як ад Віцебску, гэтак і ад Магілёву, усяго каля 200 км.[/vc_column_text][vc_single_image image=”261891″ img_size=”large”][vc_column_text]Здымак «Яндэкс.Мапы» з месцам дыслакацыі новай мотастралковай дывізіі. На фота зафіксаваная тэрыторыя вайсковай базы, а таксама мікрараён Ельні «Кутузаўскі», у якім пэўны час будзе знаходзіцца частка вайскоўцаў, перадусім, афіцэраў.[/vc_column_text][vc_single_image image=”261887″ img_size=”large”][vc_column_text]«Дывізія ў Ельні, як і брыгада ў Клінцах, фармуецца на базе падраздзяленняў 28-й АМСБр з Екацярынбургу, якая мае баявой досвед, атрыманы падчас вайсковай агрэсіі супраць Украіны і Сірыі. Месца ейнае дыслакацыі ў Смаленскае вобласці сведчыць пра абсалютную прыярытэтнасць беларускага напрамку. Разам з мотастралковай брыгадай у Клінцах, якая знаходзіцца на адлегласці 90 км ад Гомля, новая дывізія ў Ельні будзе мець значны ўдарны патэнцыял для здзяйснення аперацыяў падчас гібрыднай вайны ва Усходняй Беларусі. Можна смела выказаць здагадку, што створаныя новыя вайсковыя базы будуць напоўніцу выкарыстоўваць і спецпадраздзяленні ГРУ Генштаба Збройных сілаў РФ, якія пад прыкрыццём дыслакаваных на іх мотастралковых частак, будуць здзяйсняць аперацыі для дэстабілізацыі сітуацыі ў Рэспубліцы Беларусь у выпадку задзейнічаная любога са сцэнароў анексіі дзяржавы. Адсутнасць памежнага кантролю, а таксама значных вайсковых сілаў уздоўж мяжы з Расеяй, істотна спрыяе падобнаму развіццю падзеяў», – гаворыцца ў міні-даследанні informnapalm.org.

Фота: informnapalm.org.

ЮВ, belsat.eu

Стужка навінаў