Побач з дзіцячым садком у Горадні зрабілі жаночую «хімію» для «неплацельшчыц аліментаў»


У будынку былога садка па вуліцы Леніна жыве 40 асуджаных жанчын. Зранку яны сыходзяць на працу, а ўвечары вяртаюцца. Днём тут бываюць толькі тыя, хто вярнуўся з начной змены або ў каго выходны – максімум чалавек дзесяць, піша выданне «Вечерний Гродно».

Калі асуджаныя жанчыны вяртаюцца з працы, то садок ужо зачынены. За парадкам тут сочаць дзесяць міліцыянтаў.

Кіраўнік папраўчай установы адкрытага тыпу № 25 падпалкоўнік міліцыі Сяргей Мохань кажа, што яго падапечныя – тыя, чые злачынствы не ўяўляюць небяспекі для грамадства. Пераважна гэта неплацельшчыцы аліментаў. Некаторыя жанчыны пазбаўленыя бацькоўскіх правоў. Яны працуюць у лякарнях і паліклініках, ЖЭСах, крамах дворнікамі, швачкамі ды санітаркамі. «У нейкай ступені ў нас той жа садок, толькі для дарослых», – запэўнівае падпалкоўнік.

У дзіцячым садку пра такое суседства даведаліся выпадкова. А кіраўніца аддзелу адукацыі, спорту і турызму адміністрацыі Ленінскага раёну Горадні Аксана Тарасевіч мяркуе, што такое суседства не нясе небяспекі для дзяцей. А бацькоў, паводле яе, не паінфармавалі, каб не ствараць на пустым месцы непатрэбнага хвалявання.

Самі бацькі мяркуюць, што ім мусілі паведаміць пра такое суседства і патлумачыць, што дзецям нічога не пагражае. У хуткім часе плануецца правядзенне бацькоўскага сходу, каб пачаць збор подпісаў за перанос «хіміі» ў іншае месца.

ЮВ, belsat.eu, паводле «Вечерний Гродно»

Стужка навінаў