Плюс заробак, мінус карупцыя: Навальны апублікаваў перадвыбарчую праграму


Расейскі апазіцыянер Аляксей Навальны, які год таму абвясціў аб планах удзельнічаць у прэзідэнцкіх выбарах 2018 года, апублікаваў сваю перадвыбарчую праграму.

У роліку, выпушчаным з нагоды публікацыі праграмы, Навальны распавёў пра асноўныя яе пункты – у прыватнасці, устанаўленні мінімальнага заробку ў 25 тысяч рублёў, зніжэнні іпатэчнай стаўкі з 11 да двух працэнтаў і павелічэнні расходаў на ахову здароўя і адукацыю ў два разы.

Гэтыя рэформы Навальны мае намер фінансаваць, па ўласных словах, за кошт барацьбы з карупцыяй, скарачэння выдаткаў на чыноўнікаў і субсідыяў дзяржкарпарацыям. Даходную частку бюджэту ён хоча павялічыць за кошт павышэння падаткаў у газавай галіне і дывідэндаў ад дзяржкампаніяў.

«Выдаткі на абарону мы не скарачаем, але мяняем структуру так, каб больш ішло на заробкі. І гэта дасць нам магчымасць стварыць кантрактную армію », – заявіў Навальны.

Аляксей Навальны ў снежні 2016 года абвясціў аб планах балатавацца ў прэзідэнты Расеі і з таго часу вядзе актыўную кампанію з паездкамі па краіне; яго прыхільнікі адкрылі штабы ў дзясятках расейскіх гарадоў. Цэнтрвыбаркам кажа, што не зарэгіструе яго як кандыдата з-за судзімасці. Навальны кажа, што ў гэтым выпадку не прызнае выбары і будзе заклікаць да іх байкоту.

Выбары прэзідэнта Расеі пройдуць у сакавіку 2018 года. Уладзімір Пуцін у пачатку снежня заявіў, што будзе балатавацца на чацвёрты тэрмін.

КА,belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары