Пляцкі, памазанка ды хренавуха: у Менску адзначылі Дзень польскай культуры

video

Што мы ведаем пра нашага заходняга суседа? І што, апроч гісторыі, нас яднае?

«Я сам не паляк, але захапляюся Польшчай і польскім футболам. Мой кумір – Робэрт Левандоўскі. Хваляваўся за Польшу, калі яна гуляла ў Еўра».
«Я люблю польскіе песні, я рос возле Польші, среді поляков. Для меня это почті родное»

Прыгадаць знаёмыя матывы або ўпершыню адкрыць для сябе свет польскай культуры можна было сёння ў Верхнім горадзе на плошчы каля Ратушы. Свята польскай культуры першае ў Менску, але не адзінае, якое зладзілі ў Беларусі. Элементам, які задаваў тон усёй імпрэзе, сталася, безумоўна,музыка. Майстар-класы традыцыйных танцаў, выступы прафесійных калектываў і ўсе гэта па-польску ці па-беларуску.

ГЕНАДЗЬ ЯРАШ, ГАРМАНІСТ АНСАМБЛЮ «АСАЛОДА»

«Прывезлі розныя песні і танцы, у нас розныя нацыянальнасці – і палякі і грузіны і ўзбекі».

Дарэчы, сёння ў Беларусі жывуць каля 300 тыс. палякаў. Гэта трэцяя з колькасці нацыянальнасць, з якой калісьці беларусы будавалі супольную дзяржаву. Грошы тых часоў – часоў Рэчы Паспалітай – дэманстравалі на сённяшнім свяце.

Яшчэ адзін з важных кампанентаў культуры – нацыянальная кухня. А таму не абышлося без сапраўднай дэгустацыі: знакамітыя флякі, журэк, бігас ды…

ЮЛІЯ, АФІЦЫЯНТКА:

«Пляцкі, памазанка і… хренавуха».

Цягам дня на плошчы працаваў кірмаш, на якім свае працы прэзентавалі больш за 30 майстроў. Кераміка, дрэва ці тканіна – нават самы пераборлівы пакупнік не сышоў бы ад рамеснікаў з пустымі рукамі.

Вольга Сауле belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары