План «пераемнік»: ці застануцца Пуцін і Лукашэнка?


Уладзімір Пуцін не толькі ня вырашыў, ці будзе ўдзельнічаць у прэзідэнцкіх выбарах 2018 года, але нават распавёў агенцтву «Bloomberg», якім бачыць свайго пераемніка. Што гэта – палітычнае какецтва, ці сапраўды, першыя крокі да перадачы ўлады, каб не апынуцца ў сітуацыі падобнай да ўзбекістанскай, дзе прэзідэнт цягам пяці дзён быў ці то жывы, ці то памерлы.

«Я сыходжу. Сыходжу раней належнага тэрміну», – заявіў першы прэзідэнт Расеі Барыс Ельцын шаснаццаць гадоў таму.

Тады ў маладой расейскай дэмакратыі ўпершыню пачаў актыўна выкарыстоўвацца панятак «пераемніка». Праз восем год пераемнікам часовым стане Дзмітрый Мядзведзеў, хаця ракіроўка ў вышэйшых эшалонах расейскай вертыкалі дэ-факта мала што змяніла. І цяпер, не дасядзеўшы два гады да канца свайго чарговага прэзідэнцкага тэрміну Уладзімір Пуцін заяўляе, што ня ведае, ці высуне сваю кандыдатуру ў 2018 годзе. А пасля тлумачыць журналісту агенцтва «Bloomberg», якім мае быць ягоны пераемнік

«Я сыходжу з таго, што будучы лідар павінен быць, ну даволі маладой асобай. Але зрэлай. Што тычацца прадстаўнікоў усемагчымых спецслужбаў, збройных сілаў – тут жа нічога новага няма – у нас жа не ўпершыню, скажам на ўзроўні кіраўніцтва рэгіёнаў высоўваюцца прадстаўнікі мінабароны, федэральнай службы бяспекі», – адзначае ў інтэрвʼю расейскі прэзідэнт.

То бок малады, але сталы сілавік. На ўзор дзеючага расейскага лідара, якога дарэчы зусім нядаўна называлі ўласна маладым і энергічным лідарам. Каб падкрэсліць гэта ён рэгулярна даказвае сваю выдатную фізічную форму – толькі на свой апошні дзень народзінаў ён забіў восем шайбаў у браму супернікаў. Палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі мяркуе, што словы пра пераемніка наўрад ці варта ўспрымаць надта сурʼёзна, але…

«Ёсць усё ж такі адзін шанец са ста, што Пуцін ня пойдзе. Я думаю, што Пуцін трымае ў галаве такую магчымасць, бо калі расейская эканоміка зусім абваліцца, то Пуцін, які асацыюецца ў масы расейцаў з тым, што даў ім дабрабыт па вялікім рахунку – адразу будзе развянчаны», – заўважае Аляксандр Класкоўскі.

Адмысловец падкрэслівае, што кожнаму аўтарытарнаму лідару варта мець гатовую схему перадачы ўлады. Каб не паўтарылася ўзбекістанская сітуацыя, калі цягам амаль тыдня не было вядома жывы прэзідэнт Іслам Карымаў, ці не. Дваццаць шэсць год ён кіраваў краінаю, а напрыканцы жніўня пра ягоны стан даходзілі супярэчлівыя звесткі, якія спыніліся толькі 2 верасня разам з афіцыйным абвяшчэннем смерці Карымава. Адразу ж пасля саміту G 20 Пуцін паспяшаўся ў Ташкент, каб падтрымаць пераемніка бяззменнага лідара.

«Можна па-рознаму ацэньваць розныя моманты ў найноўшай гісторыі Узбекістану, але ён захаваў стабільнасць у краіне, стабільнае развіццё. Новыя людзі прыйдуць, будуць вырашаць, што ім рабіць далей. Я вельмі спадзяюся, што ім удасца захаваць гэтую самую стабільнасць, пра якую я казаў», – адзначыў тады Пуцін.

Па розным дадзеным захаванне стабільнасці ўва Узбекістане каштавала нават паўтары тысячы жыццяў, калі ў 2005 годзе ў закалотах у Адыджане дайшло да сутыкненняў урадавых войскаў з пратэстоўцамі.

«У аўтарытарных жорсткіх рэжымах, у персаналісцкіх рэжымах амаль заўжды пачынаюцца палітычныя гульні, бо няма нармальнага празрыстага механізму перадачы ўлады і рана, ці позна такія ж пытанні могуць паўстаць і перад Беларуссю», – мяркуе Аляксандр Класкоўскі.

Кіраўнік нашай краіны тры гады таму таксама казаў, што ня вызначыўся, ці будзе ўдзельнічаць у выбарах 2015 года. Але, як ведаем, – вырашыўся і традыцыйна перамог. Праўда выбар пераемніка ў Лукашэнкі можа апынуцца прасцейшым, чымся ў Расеі. Старэйшы сын беларускага лідара Віктар ужо атрымаў пасаду памочніка кіраўніка краіны па нацыянальнай бяспецы. Прасцей кажучы, у выпадку надзвычайнай сітуацыі, кантроль над сілавікамі застанецца ў руках сямʼі Лукашэнак.

Відэасюжэт выйшаў у праграме «Прасвет». Прапануем вашай увазе апошняе выданне праграмы:

Стужка навінаў