План «эвакуацыя ці ратаванне»: як трапіць у польскі ўніверсітэт


Герб Варшаўскага ўніверсітэту. Фота: Focus

Глыбокі сон на занятках па беларускай дзяржаўнай ідэалогіі, праца па размеркаванні ў калгасе «Рассвет»/»Закат» etc., стыпендыя, на якую нават ката цяжка пракарміць і ў рэшце рэшт беларускі рынак працы, ён, як вядома, за апошнія некалькі гадоў пасумнеў і не асабліва хоча цябе бачыць.

Не будзем гуляцца ў хованкі і пералічваць плюсы, мінусы беларускай сістэмы адукацыі ды разнастайныя сацыяльныя ліфты, пра якія нядаўна так натхнёна пісала адна беларускамоўная газета, а проста назавём рэчы сваймі імёнамі – Беларусь амаль на дне, а дакладней, дзесьці паміж мяккімі тканкамі тазу.

Выпускнікі Акадэміі кіравання пры прэзідэнце (у 2014 годзе заняла 36-ае месца з 48 ў рэйтынгу айчынных ВНУ) выцягнуць адтуль Беларусь не змогуць. Ты, дарагі абітурыент, можаш атрымаць еўрапейскую адукацыю і вярнуцца ў Беларусь, каб змяніць краіну, а можаш проста зваліць… Ніхто цябе за гэта не асудзіць. Выбар прафесіі, месца жыхарства і сваёй будучыні залежыць толькі ад цябе.

У 2016 годзе Center for World University Rankings апублікаваў ТОП-1000 ВНУ свету. Сярод іх 9 польскіх універсітэтаў. Беларускіх ВНУ ў гэтым рэйтынгу няма.

Польскія ВНУ ў сусветным рэйтынгу

  • Ягелонскі ўніверсітэт (429-е месца)
  • Варшаўскі ўніверсітэт (500-е месца)
  • Варшаўская палітэхніка (645-е месца)
  • Горна-металургічная акадэмія імя Сіаніслава Сташыца (819-е месца)
  • Універсітэт Мікалая Каперніка ў Торуні (888-е месца)
  • Вроцлаўскі ўніверсітэт (890-е месца)
  • Універсітэт імя Адама Міцкевіча ў Познані (922-е месца)
  • Вроцлаўская палітэхніка (963-е месца)
  • Сілезскі ўніверсітэт (969-е месца)

ТОП-10 польскіх ВНУ. Нацыянальны рэйтынг

2015 год. Рэйтынг прыватных універсітэтаў, якія цэняць польскія працадаўцы

Рэйтынг уплывовага польскага штотыднёвіка «Wprost».

2016 год. Рэйтынг дзяржаўных ВНУ паводле фонду «Perspektywy»

Кошт навучання

Дзяржаўныя ўніверсітэты

€ 2000 за год

Прыватныя ўніверсітэты

Ад € 2000 да € 6000 за год

MBA (Master of Business Administration)

Ад € 8000 да € 12 000 за год

Кошт пражывання ў інтэрнаце

За 2-3-асабовы пакой у інтэрнаце давядзецца заплаціць ад € 60 да € 80. Пакой для адной асобы прадстаўляюць далёка не ўсе ўніверсітэты, і іх колькасць звычайна абмежаваная (кошт € 100-150).

Медычная страхоўка

Для студэнтаў яна будзе каштаваць каля € 10 штомесяц.

Ці могуць беларусы вучыцца ў Польшчы бясплатна?

Так. Але толькі ў тым выпадку, калі ў цябе ёсць:

  • Карта паляка або/і дакументы, якія пацвярджаюць польскае паходжанне (у гэтым выпадку можаш разлічваць на адмысловую стыпендыю ў памеры каля 200 еўраў). Трэба ведаць польскую мову!
    Больш інфармацыі тут і тут
  • Від на жыхарства ў Польшчы
  • Статус уцекача, выдадзены ў Польшчы
  • Доўгатэрміновы від на жыхарства ЕЗ
  • Ты член сямʼі працаўніка (датычыць грамадзянаў ЕЗ/Еўрапейскай эканамічнай зоны), які мігруе

Ва ўсіх гэтых выпадках ты будзеш паступаць у польскую ВНУ на тых жа ўмовах, што і грамадзяне Польшчы.

Праграма Каліноўскага

Калі цябе адлічылі з беларускага ВНУ з палітычных матываў або ты не можаш атрымаць вышэйшую адукацыю ў Беларусі праз пагрозу быць адлічаным з ВНУ за сваю грамадзянскую актыўнасць, то смела падавай дакументы на стыпендыяльную праграму польскага ўраду імя Каліноўскага.

Усе пытанні пра спіс неабходных дакументаў і крытэры адбору стыпендыятаў можна ўдакладніць тут.

Якія дакументы патрэбныя, каб паступіць

Спіс неабходных дакументаў і працэдура паступлення вызначаецца ўніверсітэтам. Агульная інфармацыя на гэты конт тут.

Што наконт мовы?

Калі ты валодаеш ангельскай моваю, то для цябе адкрытыя дзверы польскіх ВНУ, якія далучыліся да праграмы «Study in Poland». Спектр спецыяльнасцяў: ад дызайну, да медыцыны. Адмысловы пашукавік ВНУ з ангельскамоўнымі праграмамі адукацыі тут.

Калі ты хочаш вучыцца на польскай мове і паступаеш у дзяржаўны ўніверсітэт на ўмовах «для замежнікаў», то прыйдзецца прайсці гадавы курс польскай мовы (кошт € 2000).

ЮВ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары