Піяршчык «Крумкачоў»: Гэта не галоўная мэта, але будзем прасоўваць беларускую мову ў «вышцы»


Дыктар хатняга стадыёну «Крумкачоў» збіраецца за зіму падвучыць беларускую мову. Па-беларуску будуць напісаныя і прозвішчы гульцоў на саколках.

«Крумкачы», якіх спачатку сезону 1-й лігі футбольнага першынства ніхто сурёзна не ўспрымаў, прабіліся ў вышэйшую лігу. Ці будзе каманда з беларускамоўнай назвай прасоўваць родную мову ў элітным дывізіёне?

«Мы будзем прасоўваць беларускую мову, але не ставім гэтай асноўнай мэтай. Мы будзем пісаць прозвішчы на саколках па-беларуску. Для мяне гэта ўвогуле не пытанне. Мы жывем у Беларусі, навошта абмяркоўваць прозвішчы на саколках па-беларуску?» – тлумачыць піяршчык клубу Аляксей Важнік.

Ён кажа, што «Крумкачы» – «нармальныя беларусы, якія паважаюць родную мову, родную гісторыю, і гэта нармальна. Але карыстацца беларускай мовай выключна дзеля піяру менскі клуб не збіраецца».

«Проста будзем гэта рабіць, каб гэта выглядала натуральна», – працягвае Аляксей Важнік.

Натуральным ужыванне роднай мовы лічыць і беларускамоўны прэс-аташэ «вышэйлігаўскага» жодзінскага «Тарпеда-БелАЗ» Сяргей Пузанкевіч. Суразмоўца Belsat.eu прызнае заслугі «Крумкачоў», называючы іх «сацыяльным выклікам, які даказаў, што не толькі грошы вырашаюць, а яшчэ і калектыў».

«Мне вельмі падабаецца, што яны выкарыстоўваюць беларускую мову. Гэта, безумоўна, дае камандзе каларыту. Хочацца спадзявацца, што яны нягледзячы на вялікія праблемы, якія ў іх узнікнуць падчас ліцэнзавання, ліцэнзію ўсё ж атрымаюць. І дададуць нам беларускага каларыту ў вышэйшай лізе. Хочацца, атрымаць яшчэ адну цікавую каманду, якая дадасць медыйнасці беларускаму футболу, і менавіта беларускасці», – адзначае Сяргей Пузанкевіч.

Самы антыбеларускамоўны клуб

Ініцыятар кампаніі «Справаводства па-беларуску» Ігар Случак складае рэйтынг «Самы беларускамоўны спартовы клуб Беларусі». Хутка з’явіцца спіс са 100 клубаў, у прамежкавым спісе з 40 клубаў «Крумкачы» займаюць другі радок. Вельмі добра, што выхад у вышэйшую лігу менскага клубу стаў магчымым пасля перамогі над магілёўскім «Дняпром», мяркуе Ігар Случак:

«Дняпро» – клуб, які прынцыпова выкарыстоўвае толькі расейскую мову. Самы, так сказаць, антыбеларускамоўны клуб не толькі першай ці якой лігі, наагул – усіх чэмпіянатаў. Адміністрацыя клубу высылала мне адказы, што яны прынцыпова з 1992 года выкарыстоўваюць расейскую мову», – заўважае Ігар Случак.

Адзначае пры гэтым, што ў «Дняпра» «вельмі добрыя фанаты і заўзятары, якія мову любяць, шануюць і выкарыстоўваюць на стадыёнах».

На стадыёне «Спартак» у Магілёве ўсталявалі скрыню для пажаданняў. Але наколькі кіраўніцтва «Дняпра» прыслухоўваецца да заўзятараў?

Што тычацца «Крумкачоў», то яны прыцягваюць увагу заўзятараў, якія па прыкладзе менскага клубу і самыя будуць цягнуцца да беларускай мовы, кажа Ігар Случак.

Паводле яго, гэты год можна лічыць прарыўным у плане выкарыстоўвання беларускай мовы клубамі вышэйшай лігі. Калі летась ніводная каманда не пісала прозвішчы гульцоў на саколках па-беларуску, то сёлета ўжо 4-5 камандаў пачалі гэта рабіць.

Зміцер Кустоўскі, belsat.eu, фота Pressball.by, фота fcdnepr.by

Глядзі таксама
Каментары