Пісьменнікі назвалі беларускія кнігі года


Беларускі ПЭН-цэнтр абвесціў лаўрэатаў прэміі «Кніга года-2015».

Прэмія прысуджалася ў трох катэгорыях. Сярод прозы перамагла кніга Альгерда Бахарэвіча «Дзеці Аліндаркі». Найлепшая кніга паэзіі – «Верхні горад» Антона Рудака. У намінацыі «Дзіцячая літаратура» пераможцамі сталі Вольга Гапеева з кнігай «Сумны суп» і Людміла Рублеўская з «Авантурамі студыёзуса Вырвіча».

Найлепшыя кнігі года абіраюць самі пісьменнікі, творы якіх былі апублікаваныя летась. Кніга мае быць выдадзеная ў мінулым годзе ды мусіць быць напісаная беларусам ці ў Беларусі на любой мове, якой карыстаюцца беларусы.

Увядзенне гэтай прэміі суправаджалася скандалам, паколькі ў прэс-рэлізе ПЭН-цэнтру вялася гаворка пра «дыскрымінацыю расейскамоўных аўтараў» у Беларусі. Пазней старшыня ПЭН-цэнтру папрасіў прабачэння ў «Фэйсбуку» за гэтую спрэчную фармулёўку.

Глядзіце яшчэ: «Дыскрымінацыя» расейскамоўных аўтараў: пусты скандал ці справядлівае абурэнне?

МЯ, belsat.eu

Стужка навінаў