Пісьменнік Віктар Сазонаў прэзентаваў кнігу пра кантрабандыстаў, палітыкаў і суседзяў


Гарадзенскі піьсменнік-сатырык сабраў пад вокладкай кнігі «Суседскія былі» пяцьдзясят апавяданняў «пра беларускі менталітэт».

«Калі чалавек падае, гэта не трагедыя, гэта смешна!»

«Суседскія былі» – такую назву мае новая кніга гарадзенскага пісьменніка-сатырыка, прэзентацыя якой прайшла ў галерэі «Крыга». Героі і сюжэты Сазонава – замалёўкі з натуры, рэальныя жыццёвыя сітуацыі ў інтэр’ерах штодзённасці.

Зборнік склалі ажно пяцьдзясят апавяданняў, некаторыя з якіх ужо былі надрукаваныя ў «Ніве», «Дзеяслове» ды іншых перыядычных выданнях. Ёсць апавяданні 20-гадовай вытрымкі, ёсць 5-гадовай, але пад адной вокладкай яны бачаць свет упершыню. Падчас прэзентацыі пісьменнік адказаў на пытанні чытачоў.

Героі – кантрабандысты, палітыкі, суседзі…

– Пра што Вашая новая кніга?

– Мае кнігі, колькі б іх не было, збольшага пра тое самае: пра Беларусь. Было пра кантрабандыстаў, пра палітыкаў, зараз пра суседзяў. Але ўсё гэта – занатоўкі з беларускага жыцця, з нашага менталітэту. Я паспрабаваў наўпрост зафіксаваць суайчыннікаў, з якімі жыву ў адным часе.

– Хто выступае героямі гэтым разам?

– Суседзі, знаёмыя, выпадковыя людзі, з якімі давялося сустрэцца. Пяцьдзясят аповедаў – гэта пяцьдзясят людзей, з якімі звяло жыццё. Калі з чалавека атрымаўся аповед, значыць чымсьці ён мне запаў у душу.

За кожным аповедам – рэальная гісторыя

– Некаторыя аўтары, кшталту Даўлатава, спрабавалі спісваць свае сюжэты з рэчаіснасці дакументальна. А Вы?

– Кожны чалавек бачыць сітуацыю пад сваім кутом. Нехта скажа, напрыклад, што вось гэта – трагедыя. Іншы ўбачыць тут жарт. Я бачу па іншаму… Але гэта мае ўражанні, так асабіста я бачу свет!

Некаторыя персанажы атрымаліся зборнымі – дадаваліся рысы, якія я заўважаў у іншых людзях. Нехта пададзены цалкам такім, якім ён ёсць… Тым не менш, кожны аповед мае пад сабой рэальную гісторыю.

– Ёсць некаторыя апавяданні, асабліва дарагія Вам як аўтару?

– Яны ўсе мне як дзеці! Дзяцей жа не бывае лепшых ці горшых, бываюць толькі свае. Калі выдавец Яўген Вапа паклаў мне на стол гэтыя 50 апавяданняў, то адразу прапанаваў, каб я выкінуў 5 горшых, пасля ён – таксама 5. Тады, маўляў, атрымаецца цікава. Але так атрымалася, што я не знайшоў горшых! (смяецца)

Сапраўды, калі ты хочаш згуляць у карты і бярэш калоду, там ёсць тузы, ёсць шасцёркі, ёсць казырная карта, ёсць слабая… Але няма горшых картаў – яны ўсе патрэбныя. Інакш не будзе гульні.

Куст, з пазнакай «сакрэтна»

– Магчыма, назавяце эмацыйна найбольш напружанае апавяданне?

– Я вельмі люблю апавяданне «Генеральскі куст». Гэта рэальны выпадак, які трапіўся мне ў войску. Прыехала генеральская праверка ў частку. Служыў я, дарэчы, старэйшым разведчыкам у спецназе паветрана-дэсантных войскаў. Мне паабяцалі 10-дзённы адпачынак, бо я лепш за ўсіх скочыў з парашутам, прабег, адстраляў – усё як мае быць!

І тут генерал задае мне пытанне: «Скажы, што такое куст?» Я разгубіўся, маўляў, куст ёсць куст, усе ведаюць. А генерал зрабіў з гэтага такі балаган! Як разведчык не ведае, што такое куст?! Выклікаў камандзіра роты, зампаліта. А мне крыўдна, я ж з вёскі, я кусты садзіў, спаў пад кустамі.

– Ну і што такое куст?

– Аказалася, што куст – гэта «сукупнасць сукоў і галозаў, якія тырчаць з зямлі з аднаго месца»! Аказалася, што пра такія кусты напісаная цэлая кніжка – «Даведнік разведчыка», з пазнакай «сакрэтна»! То бок, нават пра куст у СССР мог даведацца не кожны… Ну як гэтае войска магло супрацьстаяць сілам НАТА, дзе не дурылі сабе галаву такімі пытаннямі?

Мяне, канешне, нікуды не пусцілі, я згубіў адпачынак. Але, каб не было гэтай трагедыі, я б не ведаў, што такое куст! Пасля дзембеля я прыехаў у вёску і літаральна замучыў усіх пытаннем пра вызначэнне куста. Адзін я ведаў на ўсю вёску! (смяецца)

Той, хто не смяецца з сябе вырачаны на тое, каб з яго смяяліся іншыя

– Галоўны вынік у тым, што і войска гэтае развалілася, і краіна развалілася. Бо войска было толькі адлюстраваннем агульнай сітуацыі.

Такая дурнота ж была ўсюды: тэхніку бяспекі ўсе здавалі, але на практыцы ніхто не ведаў. У кожнай установе вісеў нейкі супрацьпажарны шланг з тузінам дзірак. Імперыя развалілася, бо ўсё было несапраўдным.

Нашая краіна па логіцы мела б знікнуць з той жа самай прычыны. Але, дзякуй Богу, ёсць нацыянальна-свядомая супольнасць, з якой дзяржава змагаецца, што і надае яе існаванню сэнс. Пакуль мы ёсць існуе і гэтая дзяржава.

– У беларускіх рэаліях шмат хто бачыць трагедыю, Вы – іронію, чаму?

– Ідзе чалавек, раз, паваліўся, ён плача, усе смяюцца… Яшчэ Чарлі Чаплін давёў, што няма нічога смяшнейшага за гэта. Калі чалавек падае – гэта не трагедыя, гэта смешна. Ён жа не памрэ! У жыцці таксама, кожная няўдача – гэта ўрок для чалавека, і калі ён вывучаны, можна пасмяяцца.

У Англіі няма палітыка без іроніі і самаіроніі. А той, хто не смяецца з сябе, вырачаны на тое, каб з яго смяяліся іншыя. Такую карціну мы вельмі часта назіраем у Беларусі. Я вельмі люблю фразу з фільма пра Мюнхгаўзэна: «Усе глупствы на зямлі робяцца з сурёзнымі тварамі. Таму, усміхайцеся, спадарства!»

АК, belsat.eu

Стужка навінаў