«Пішыце заяву на зяця, ён вас «кінуў» – следчыя ціснуць на сямʼю апальнага міліцыянта


Міліцыянта, які злавіў дачку суддзі на распаўсюдзе порна, самога будуць судзіць увосень. Але следства не можа знайсці доказаў віны Міхаіла Куцко, пад ціскам апынуліся ягоныя родныя.

Споўнілася паўгода, як былы міліцыянт Міхаіл Куцко трапіў у турму, пасля таго, як злавіў дачку суддзі ў Шчучыне на распаўсюдзе парнаграфіі ў сацыяльных сетках. Але яго самога абвінавацілі ў злачынстве – быццам бы вымаганні хабару ад падазраванай.

Акрамя таго, перад тым, як трапіць за краты Міхаіл Куцко перадаў «Белсату» відэа з заяваю, што раскрыў канал вербавання ў «ДНР». На ягоную думку, гэта з’яўляецца яшчэ адной прычынай ягонага арышту.

«Палохалі мяне, што забяруць дзяцей»

Жонка Міхаіла Куцко, Наталля. Горадня 23 ліпеня 2017 Васіль Малчанаў/ Белсат

За паў гады следчы так і не дазволіў жонцы Наталлі сустрэцца з Міхаілам, а некаторы час назад на сям’ю былога міліцыянта пачаліц ціснуць сілавікі.

Як распавядае жанчына, следчы пачаў выклікаць на допыт маці і брата Наталлі. Выплыла справа, якая мела месца ў 2015-м годзе, калі брат Наталлі збіў жанчыну. Каб не заводзіць судовую справу абодва бакі дамовіліся аб выплаце маральнай кампенсацыі, якая была выплачана пацярпелай. У перамовах дапамагаў Міхаіл.

«Так, Міша ездзіў дамаўляўся. Мама мая тады брала грошы ў крэдыт, каб выплаціць кампенсацыю за брата. І цяпер яны пачалі ціснуць на майго брата, выклікалі яго ў КДБ і расказваюць, што нібыта Міхаіл усіх падмануў, што грошай ён жанчыне той не звярнуў. Маўляў, ён «кінуў» вас на 1000 долараў. Следчы выклікае ўжо маю маму ў Следчы камітэт і пачынаюць на яе ціснуць, тыпу пішыце заяву на Мішу, што ён у вас грошы скраў. Мама кажа: з чаго я буду пісаць заяву, навошта мне агаворваць чалавека? Я не маю да яго ніякіх прэтэнзіяў. Пасля брата выклікалі, потым мяне выклікаў следчы.

Мама кажа: ты не ўяўляеш сабе, як ён у мяне ўчапіўся! Пішыце заяву і ўсё! А чаму не хочаце? Навошта Вы яго абараняеце?

Я адмовілася ад паказанняў. І тады ён пачаў мяне палохаць, што завядзе справу на групу асобаў, што я разам з Міхаілам скрала грошы ў сваёй маці, мяне пасадзяць у турму, а дзяцей аддадуць маці на выхаванне», – распавядае Наталля.

Але ў выніку справе «не далі хады» праз адсутнасць складу злачынства.

«Проста так не выпусцяць»

Лісты з турмы. Горадня 23 ліпеня 2017 Васіль Малчанаў/ Белсат

Як піша Міхаіл Куцко з-за кратаў, тэрмін ён «у любым выпадку атрымае».

«Адпусціць проста так яго дакладна ніхто не адпусціць. Адпусціць – гэта значыць прызнаць, што не мелі рацыі. А была вялікая агалоска ў інтэрнэце і паўсюль. Тым больш для іх гэта ўжо справа прынцыпу. Кіраўнік УУС у Горадні Сіняўскі заявіў у газеце, што рэальны тэрмін будзе», – кажа Наталля.

Міхаіл Куцко просіць перадаць яму за краты «Белгазету» і «Народную волю», пачаў перачытваць Ясеніна. Алей большую частку часу займаецца перапісваннем уласнай справы – ксеракопіі яму рабіць забаранілі.

Жонка Міхаіла Куцко трымае фота мужа.Горадня 23 ліпеня 2017 Васіль Малчанаў/ Белсат

«Ніводнага матэрыялу на мяне няма, усё пабудавана на паказаннях сама ведаеш, якіх жанчын. Гэта проста жэсць. Такога раней ніколі не было. Можа ў далёкіх 2000-х. Што творыцца! Вось такая прэзумпцыя невінаватасці ў нас. Так што зараз я ўпэўнены, што паседжанне будзе закрытае. Раней думаў, што толькі частка будзе закрытая, калі паказанні будуць даваць. А зараз, калі такая справа, я ўпэўнены, што будуць рабіць закрытае паседжанне поўнасцю. Ну і добра нам. Проста, калі б было адкрытае, там доказы, прадстаўленыя імі, поўнасцю абвяргаюць маю віну», – піша з турмы ў лісце да Наталлі Міхаіл Куцко.

Пасля аднаго з артыкулаў на belsat.eu адвакат Міхаіла Куцко быў вымушаны падпісаць забавязальніцтва аб неразгалошванні падрабязнасцяў справы і лісты сталі адзінай крыніцай інфармацыі для Наталлі.

«Сяджу, чытаю і не разумею, што я тут раблю»

Лісты з турмы. Горадня 23 ліпеня 2017 Васіль Малчанаў/ Белсат

Як распавядае жанчына, зараз Міхаіла перавялі ў трохмесную камеру. «Я яму ўжо некалькі пачак паперы перадала, каб ён мог перапісваць справу. Следства паўгода ўжо цягнецца, а гэта толькі ў выключных выпадках. Піша, што «сяджу, чытаю і не разумею, што я тут раблю». Фактычных доказаў у іх няма. Ёсць толькі вуснае сведчанне Б., якой Міша перайшоў дарогу«, – гаворыць Наталля.

Былы міліцыянт Міхаіл Куцко працягвае сядзець у турме №1 на вуліцы Кірава ў Горадні. Чакаецца, што суд па ягонай справа аб нібыта вымагальніцтве хабару адбудзецца сёлета ўвосень.

ПВ, belsat.eu

Стужка навінаў